"У Нескладоваму" жыць, пакуль ёсць у Беларусі вакалісты!

Таго самага Рамана Арлова можна смела назваць галоўным (на сённяшні дзень) музычным авантурыстам Беларусі. Бо прыдумаць ні што іншае, як прасоўванне беларускай музыкі на Ўсход за кошт беларускай мовы – сапраўдная авантура. І першы крок авантуры – дэбютны альбом,прэзентацыі якога адбыліся ў Маскве і Мінску.

"Разагрэў" ад гурта Lilac

Увогуле, з аднаго боку, можа падацца, што праект “У Нескладовае” – хаўрус музыкаў-няўдачнікаў (выключэнне – музыкі-акампаніятары і Аляксей Хлястоў). Вось глядзіце: Яўген Чалышаў – выдатны кампазітар і выдатны спявак, уласны гурт якога – “Харлі” – знік з музычнага небасхілу некалькі гадоў таму, а сам Жэня піша песні папулярным на БТ артыстам. Віктар Рудэнка – аўтар электрычнага року ў Беларусі і лідар гурта “Dali”, які асаблівай папулярнасцю ў роднай краіне і па-за яе межамі не карыстаецца. Аляксандр Памідораў – вялікі чалавек, альбом якога знаходзіцца ў напаўгатовым стане і ніяк не дасягне фанатскіх плэераў. Аня Хітрык – трапіла ў кампанію Арлова напрыканцы сваёй “дзіцячай” кар’еры. Спіс можна працягваць… З іншага боку, кожны з музыкаў праекту –  асоба, якая рэалізавалася ў творчасці. Чаму б у свой вольны час такой асобе не патусіць з сябрамі і не стварыць новы амбітны праект, праўда?

Фота з зоркай. Раман Арлоў у цэнтры падзей.

       

                         "Разагрэў" ад "заснавальнікаў беларускага электрычнага року". Гурт Dali.

Маскоўскі прадзюсар “У Нескладовага” Зміцер Вайтэнка не хавае сваёй веры ў праект і кажа, што жыхары Масквы нарэшце пачулі хараство беларускай мовы і ўбачылі сапраўдных прафесійных музыкаў, якія яшчэ і спяваюць песні на гэтай мове. Карацей, прарыў адбыўся!

Зміцер Вайтэнка: “Рома Арлоў у прынцыпе вельмі вялікі авантурыст па жыцці. Але я ў яго веру. Гэта мой вялікі сябар. Я прадзюсую гэты праект у Маскве, і па тых водгуках , якія масквічы зараз пакідаюць, і па тых каментарах, якія яны пакідаюць у сацыяльных сетках, гэта прарыў. Гэта новы прарыў у Маскве, менавіта ў Расіі. У Маскве людзі проста адкрылі вочы! Яны кажуць, што такога яшчэ не бачылі, і ніяк не чакалі, што звычайныя беларускія музыкі з невялікай краіны, якая побач – краіна-сястра-суседка, могуць быць настолькі прафесійнымі, цікавымі і самадастатковымі. Вось. Я вельмі веру ў гэта, буду гэтаму дапамагаць і намагацца, каб гэта развівалася”.

Еўрарадыё: То бок, ідэя ўкаранення беларускай мовы ў Расіі можа быць паспяховай і мець жыццё?

Зміцер Вайтэнка: "Менавіта, менавіта так! Яшчэ год таму я раіў беларускім калектывам: Хлопцы, спявайце па-руску, вас тут не разумеюць!І зараз я зразумеў, наколькі я моцна памыляўся”. 
Вядучы канцэрта і маскоўскі прадзюсар "У Нескладовага" Зміцер Вайтэнка
Вакаліст праекту Аляксей Хлястоў

Ідэю, у якую так верыць Вайтэнка, галоўны “джэйморсавец” Беларусі, Уладзімір Пугач, а разам з тым, і вакаліст “У Нескладовага”, называе “лухтой ад сівой кабылы”, і удзельнічае ў праекце выключна па двзюх прычынах.

Уладзімір Пугач: “Я тут па дзвюх прычынах. Першая прычына – Рома Арлоў, і другая – я музыку люблю. Мне прапанавалі як запрошанаму вакалісту праспяваць песню ў дуэце з Русяй. Нешта атрымалася. Гэта, падобна, увайшло ў альбом, судзячы па тым, што мяне сюды паклікалі спяваць. А вось уся ідэалогія, якую яны будуюць вакол гэтага праекту, з майго пункту гледжання – лухта ад сівой кабылы. Я Роме пра гэта шчыра кажу, таму не саромеюся і вам сказаць. То бок, я не разумею, як можна браць на сябе функцыі Міністэрства культуры, калі яно і так існуе”.

Паводле Ўладзіміра, Раман Арлоў для сапраўднай паспяховасці праекта і ператварэння яго ў гурт, павінен знайсці сабе добрага вакаліста. Аднаго вакаліста. Тады, магчыма, гурт зажыве доўгім жыццём.

Уладзімір Пугач: “Колькі праект праіснуе – я не ведаю. Я Роме жадаю, каб ён праіснаваў доўга, пакуль не скончацца ў Беларусі вакалісты! Я б хацеў, каб у Ромы заўсёды была магчымасць для самарэалізацыі,  ён –выдатны хлопец у такія моманты. Напрыклад, зараз!”

                                                          "У Нескладовае". Вадзім Марголін.

                                                    "У Нескладовае". Раман Арлоў.

Апроч Уладзіміра Пугача, які, дарэчы, выканаў на прэзентацыі песню “ў духу" J-Морс"”, на сцэне Рэактара, дзе, ўласна, і адбывалася свята жыцця, з’явіўся паспяховы Аляксей Хлястоў, які, дарэчы, бліскуча выканаў песню “Сусвет”, і апынуўся някепскім шоўмэнам. Перасцярогі музыкі не апраўдалі сябе – ніхто са сцэны яго не выгнаў і зала абсалютна прыязна прыняла Хлястова ў шэрагі рокераў!

Аляксей Хлястоў: “Мне проста цікава зразумець – я ўпісваюся ў кантэкст усяго гэтага, ці не? Мабыць, пасля сённяшняга вечара я зразумею ці гэта так. Бо ўвогуле, усе кажуць – прыкольна, клёва, класна, усё добра. Але мне трэба зразумець. Магчыма, у гэтым мне дапаможа публіка. Творчасць робіцца для людзей, то бок людзі прыходзяць на канцэрты, набываюць квіткі, адпаведна ёсць прыбытак. Сённяшняя промаакцыя-канцэрт пакажа, наколькі публіка будзе цёпла ставіцца да нас, можа быць, кепска, можа, увогуле скажа: “Хлястоў, сыйдзі са сцэны! Гэта папса!” Гэта людзі, і яны маюць права выбіраць тое, што хочуць!"



Выкшталцоны майстра слова, Андрэй Хадановіч.
"У Нескладовае".Уладзімір Пугач.
"У Нескладовае". Вадзім Касалапаў.

Тым не менш, галоўным героем вечарынкі можна смела назваць Яўгена Чалышава, які па-школьнаму адказна падыйшоў да пастаўленай Арловым задачы, і знаходзіўся ля мікрафона большую частку канцэрта, у выніку чаго, праспяваў этнічны вакаліз не горш за Алега Хаменку і прачытаў рэп не горш, за Памідорава. Аляксандр прыдаў канцэрту пуд гарачай мужчынскай энэргіі, забойнага рэпу і прымусіў залу танцаваць так, нібыта “У Нескладовае” – самы танцавальны беларускі праект.


                                                "У Нескладовае".  Косця Гарачы.
              А Арлоў… Арлоў – арол! І авантурыст. А авантурыстам, як вядома, шанцуе. Наперад, Раман!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі