У палітвязня Віктара Бабарыкі рэзка пагоршыліся ўмовы працы ў калоніі

Віктар Бабарыка / З архіву Reuters
Віктар Бабарыка / З архіву Reuters

У палітвязня Віктара Бабарыкі рэзка пагоршыліся ўмовы працы ў калоніі, піша @viktarbabarykaofficial. Шэсць дзён на тыдні ён поўны працоўны дзень (а гэта 9 гадзін) знаходзіцца на вуліцы — выпальвае драўняны вугаль. Доступу да бытавога памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены, Бабарыка не мае. Яго родных асабліва турбуе, што нягледзячы на агучаныя медыцынскія супрацьпаказанні, праца звязана з узняццем цяжараў, а таксама з высокім узроўнем задымленасці.

Раней Віктар Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў (яшчэ раней — апальшчыкам) і ўвесь час павінен быў знаходзіцца ў пякарні — ў памяшканні практычна без вентыляцыі з тэмпературай +30. 

Бабарыка адбывае 14-гадовы тэрмін пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку. Экс-банкір і апазіцыйны палітык быў асуджаны ў ліпені 2021-га. Суд прызнаў яго вінаватым у "легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам" і ў "атрыманні хабару". Сваёй віны Віктар Бабарыка не прызнаў, а выстаўленыя абвінавачванні назваў палітычна матываванымі. Ён знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі