У пасёлку Ялізава за палітыку затрымалі як мінімум 14 чалавек
Ялізава вядомае сваім шклозаводам
Рэпрэсіі дабраліся да пасёлка Ялізава пад Асіповічамі, які вядомы сваім шклозаводам. У гэтым населеным пункце налічваецца каля 2 тысяч жыхароў, а ў мінулыя выходныя сілавікі правялі рэйд і затрымалі як мінімум 14 чалавек, піша "Наша ніва".
У мясцовых жыхароў, відаць, на працы правяралі тэлефоны, шукалі падпіскі на рэсурсы, прызнаныя ў РБ "экстрэмісцкімі" (на шклозаводзе "Нёман" у Бярозаўцы ў Лідскім раёне падобныя рэйды праводзіліся неаднаразова). І выявілася, што нямала людзей бяруць інфармацыю з незалежных СМІ. Частка затрыманых застаецца пад вартай, як мінімум дзвюх жанчын адпусцілі да суда.
Выданне падкрэслівае, што колькасць затрыманых падчас аднаго хапуна ў згаданым населеным пункце, далёкім ад эпіцэнтраў пратэсту, дае магчымасць уявіць маштаб рэпрэсій у краіне.
У чацвер звесткі пра сінхронныя затрыманні і ператрусы прыходзілі з Мінскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Праваабаронцы назвалі іх "перадвыбарчымі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.