Праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў трапілі пад рэпрэсіі за апошнія месяцы
У Беларусі каля 1300 палітвязняў / Euroradio
Праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў трапілі пад рэпрэсіі за апошнія месяцы — у ліпені-верасні 2024-га. Яны зафіксавалі 1221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій: ператрусаў, выклікаў на допыты, судоў і г. д. За тры месяцы было затрымана не менш за 360 чалавек. Ёсць звесткі і пра не менш за 400 судоў паводле адміністрацыйных справаў (палова з асуджаных — жанчыны). Самы распаўсюджаны артыкул — "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Паводле яго ў ліпені-верасні асудзілі як мінімум 380 чалавек.
Сілавікі актыўна праводзяць затрыманні ў маленькіх гарадах. У сярэдзіне верасня толькі ў Глыбокім схапілі 12 чалавек, у Бярозе — не менш за дзясятак (як і на Століншчыне). Затрымліваюць беларусаў і па вяртанні з Літвы і Польшы.
Агулам за дзевяць месяцаў ў нашай краіне затрымалі не менш за 1797 чалавек. Праваабаронцы падкрэліваюць, што не маюць поўнай інфармацыі. Насамрэч рэпрэсаваных больш. Затрыманні не спыніліся і ў кастрычніку. Адначасова рэжым дапускае памілаванне некаторых "экстрэмістаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.