У першым класе адзін урок беларускай мовы на тыдзень, рускай ― шэсць

У першым класе адзін урок беларускай мовы на тыдзень, рускай ― шэсць

У школьным раскладзе першага класа звычайнай беларускай школы прадмет "беларуская мова" стаіць толькі адзін раз на тыдзень. Руская ― шэсць урокаў, фізкультура ― два. Хаця ў праграме беларускай і рускай мовы павінна быць пароўну.

Па школьных праграмах руская мова ў першаклашак мусіць быць тры разы на тыдзень, беларуская - адзін раз.

Глядзім расклад 159-й мінскай школы. У пятым класе беларускую і рускую мовы вывучаюць тры разы на тыдзень. У 10-м класе родная мова — адзін раз на тыдзень, руская ― тры. У 11-м па два урокі абедзвюх моў на тыдзень. 


Каб дзеці ведалі родную мову, гадзіны трэба дадаваць, упэўненая настаўніца Вольга, якая працуе у вясковай школе.

"Напрыклад, матэрыял шостага класа непад'ёмны, складаныя падручнікі і мала часу. Да таго ж, няма матывацыі ў дзяцей. Рэдкі вучань бярэцца яе вучыць. Гадзіны ― не самае галоўнае, але гэта б паўплывала, больш было б часу, каб данесці тэму. Напрыклад, адна гадзіна ў 10-м класе на тыдзень. А ім іспыты здаваць у 11-м класе. Гэта смешна", ― кажа настаўніца.

Студэнтка спецыяльнасці "беларуская філалогія" Тоня сёлета ўпершыню прыходзіць на практыку ў гімназію. Там мову ведаюць, у адрозненне ад звычайнай школы.


"У гімназіі дзеці падрыхтаваныя, і яны хочуць вывучаць беларускую мову. А ў школе, я там летась працавала, там практычна не размаўляюць. Нават не хочуць час на беларускую мову губляць. Не хапае гадзін і не хапае жывой мовы".

У сям'і рэпетытара Аляксея Васілеўскага беларускай мове вучаць самі бацькі, бо адной гадзіны на тыдзень першаклашкам не хапае.

"Мая жонка сама з імі займаецца кожны дзень. Да таго ж, наша бабуля з вёскі добра гаворыць па-беларуску. Яна з імі размаўляе, ім падабаецца. А так бы, не хапала, вядома, гэтай гадзіны".

Цікавімся ў Мінадукацыі: чаму ж у пачатковай школе так мала роднай мовы.

"Першакласнікам пакуль складана вывучаць дзве мовы. Таму у першым класе тры ўрокі рускай мовы, і адзін урок беларускай. У другім класе ўжо два. А ў старэйшай школе яны зраўняюцца".

Па інфармацыі Еўрарадыё, ужо ёсць іншыя школьныя праграмы, якія могуць пачаць дзейнічаць з наступнага года. Там беларускай мовы можа стаць больш.

Адзначым, што ў мінулым навучальным годзе ў Мінску было толькі 5 гімназій і адна школа, дзе навучанне вялося цалкам па-беларуску. У 11 школах дзейнічалі беларускія класы. Згодна з Белстатам, толькі 15% ад усіх школьнікаў атрымліваюць адукацыю на роднай мове.

Фота: lit-bel.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі