У Польшчы экаактывісты пратэстуюць супраць высякання дрэў у Белавежскай пушчы
Актывісты Greenpeace ў Польшчы 12 красавіка вывесілі на будынку Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя вялізны банер. Яны заклікаюць абвясціць ўсю тэрыторыю польскай часткі Белавежскай пушчы Нацыянальным паркам, як гэта зрабіла Беларусь, і не высякаць дрэвы, паедзеныя караедамі.
Міністр Ян Шышка заявіў, што высечку 180 тысяч кубаметраў драўніны будуць весці не ў рэліктавых раёнах унікальнага запаведніка цягам 10 гадоў.
Караед-тыпограф (ці вялікі яловы караед) лічыцца адным з асабліва небяспечных шкоднікаў лесу. У апошні раз Белавежская пушча зазнала яго напад дзесяць гадоў таму.
Праблема з караедамі існуе і на беларускім баку пушчы. Спецыялісты адзначаюць, што ў 2015 годзе заражэнне елак было вельмі маштабным. На пачатку года караед жыў на 71 гектары запаведнага лесу, а ўвосень заняў ужо 439 га. Распавядае галоўны ляснічы Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” Васіль Філімонаў:
“Толькі на адным ствале можа быць да 100 тысяч караедаў, і заражаны лес пачынае хістаць ад такой колькасці насякомых. Практычна ўсе ельнікі ў такім стане вельмі небяспечныя. Караед адпрацуе, яны высыхаюць і праз год-два пачынаецца аблом з-за ветру”.
Па словах Філімонава, у Беларусі ў Белавежскай пушчы вядуць актыўную барацьбу з караедам толькі ў гаспадарчай частцы і робяць гэта з асаблівай асцярожнасцю. Умешвацца ва ўнікальную экасістэму запаведніка спецыялісты не спяшаюцца, мяркуючы, што здаровыя дрэвы могуць і самі справіцца са шкоднікам. Дарэчы, нешта рабіць з дрэвамі ў запаведнай частцы пушчы забараняюць беларускія законы. Максімум, што могуць зрабіць леснікі — прыбраць з дарогі дрэва, якое ўжо звалілася.
Эколагі мяркуюць, што нашэсце жука-караеда — гэта вынік змены клімату і росту тавараабароту паміж рознымі рэгіёнамі нашай планеты. Так, напрыканцы 90-х караед з'явіўся ў некаторых раёнах ЗША. Высветлілася, што ён трапіў у краіну з Кітая ў драўніне скрынак для пастаўкі тавараў.