У Польшчы кіроўца-беларус за адну паездку сабраў "крымінальнае аўтабінга"
П'янага беларуса затрымалі за рулём у Польшчы
У польскім Сопаце 38-гадовы беларус сабраў "крымінальнае аўтабінга".
Увечары ў пятніцу, 15 лістапада, паліцыя спыніла для планавай праверкі Audi, за рулём якога быў наш суайчыннік. Праверка паказала, што ён п'яны — 0,6 праміле на алкатэстары. Але неўзабаве выявілася, што мужчына парушыў яшчэ і іншыя законы, заўважыў MOST.
Паліцыянты праверылі кіроўцу па базах даных, і выявілася, што раённы суд Гданьска ўвогуле забараніў яму сядаць за руль. Забарона дзейнічае з кастрычніка 2024 года.
Пры аглядзе аўто паліцыянты знайшлі яшчэ пакецік з некалькімі порцыямі мефедрона і электронныя вагі. Пасля гэтага мужчыну затрымалі, а аўтамабіль адправілі на ахоўную стаянку.
Беларусу выставілі абвінавачанні па трох злачынствах: парушэнне судовай забароны на кіраванне аўтамабілем, кіраванне ў нецвярозым стане і захоўванне псіхатропных рэчываў. За першае прадугледжана пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі, за два іншыя — да трох. Мужчына прызнаў віну ва ўсіх трох злачынствах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.