У Польшчы на выбарах рэктара ў студэнтаў чвэрць галасоў, ва Украіне — 15%

"З восені рэктараў універсітэтаў будуць абіраць", — анансуе міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў. Зацвярджаць асобу рэктара ўсё адно будзе міністэрства адукацыі, абіраць будуць у Савеце ўніверсітэта: у каго лепшая праграма, той і рэктар.


"Кандыдат у рэктары павінен будзе прадставіць у Савет універсітэта сваю праграму дзеянняў. Затым Савет універсітэта будзе разглядаць дадзеную праграму, а таксама ўсе прадстаўленыя праграмы кандыдатаў, лепшыя з якіх будуць зацвярджацца саветам і падавацца ў Міністэрства адукацыі. Натуральна, кандыдаты павінны распрацаваць праграму, якая будзе спрыяць развіццю універсітэта ва ўсіх сферах, у тым ліку, адукацыйнай, матэрыяльна-тэхнічнай, навуковай", — апісваюць працэдуру у Мінадукацыі.


Па законе, Савет універсітэта на чвэрць мусіць быць са студэнтаў. Але на справе летась, напрыклад, Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт меў ў савеце крыху больш за 1% студэнтаў.


Глядзім, як кіраўніка ўніверсітэта абіраюць у суседніх краінах. Ва Украіне выбары рэктараў праходзяць з 90-х гадоў. Сёння на выбар кіраўніка ВНУ мае ўплыў 75% прафесараў і выкладчыкаў, 15% студэнтаў і 10% іншых супрацоўнікаў універсітэта. Выкладчыкі ўдзельнічаюць усе, студэнты абіраюць дэлегатаў.


"Сёння рэктар абіраецца ўсім калектывам універсітэта: усе навукова-педагагічныя супрацоўнікі галасуюць, але ў іх 75% галасоў. Студэнты абіраюць, напрыклад, з 10 тысяч 150 выбаршчыкаў. І 10% галасоў у іншых супрацоўнікаў. Пасля міністр на 5 гадоў прызначае гэтага кандыдата без права вета", — апісвае рэктар Нацыянальнага ўніверсітэта прыродакарыстання і былы міністр адукацыі Станіслаў Нікалаенка.


У польскіх універсітэтах рэктара абірае чвэрць студэнтаў і 75% выкладчыкаў. Асобна выбаршчыкаў дэлегуюць факультэты, і асобна студэнцтва. Але гэта ў дзяржаўных ВНУ, у прыватных рэктара абіраюць заснавальнікі ўніверсітэта.
Расія мае ў сваіх універсітэтах два механізмы: па адным рэктара прызначаюць, па іншым абіраюць. Гэта прапісана ва ўставе кожнага ВНУ, але ўстаў можа змяніцца.

У вядучых універсітэтах, Маскоўскім і Санкт-Пецярбургскім рэктара прызначае расійскі ўрад. А вось ва ўніверсітэце імя Баўмана рэктара на 5 гадоў на канферэнцыі абіраюць дэлегаты: палова ўдзельнікаў навуковага Савета, 60% прафесараў і выкладчыкаў, 20% студэнтаў, 10% іншых супрацоўнікаў ВНУ.


"У нас існуе і тая, і тая сістэма у розных універсітэтах. Дзесьці рэктара прызначае заснавальнік, дзесьці абіраюць", — каротка інфармуюць у Міністэрсвте адукацыі і навукі Расіі.


У Літве рэктараў абірае Савет універсітэта, куды ўваходзяць прадстаўнікі Мінадукацыі, выкладчыкі і студэнты. Пры гэтым універсітэт можа адхіляцца ад правілаў. Напрыклад, да выбараў у ЕГУ, па выніках якіх рэктарам стаў Дэвід Полік, засталося шмат пытанняў. Яго абіралі сазаснавальнікі ўніверсітэта, а студэнты мелі мінімальны ўплыў.

Фота: volsu.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі