У Польшчы пачатая крымінальная справа супраць салдата, які ўцёк у Беларусь
Эміль Чэчка апынуўся прыхільнікам выхаду Польшчы з ЕС
Супраць салдата Эміля Чэчкі, які перабег у Беларусь, у Польшчы пачатая крымінальная справа. Расследаваннем па факце дэзерцірства займаецца раённая пракуратура Беласток-Поўнач у Беластоку.
"У аддзеле па ваенных справах раённай пракуратуры Беласток-Поўнач пачатае расследаванне злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Польшча. Таксама была вынесеная пастанова для прад'яўлення абвінавачання Эмілю Ч.", — паведаміла прэс-сакратар раённай пракуратуры Варшавы Аляксандра Скшыняж.
Па згаданым супрацоўніцай пракуратуры артыкуле ўцекачу ў Беларусь пагражае ад 1 года да 10 гадоў турэмнага зняволення. Цяпер высвятляецца месцазнаходжанне падазраванага для прад'яўлення яму абвінавачанняў. Не выключана, што Чэчку аб'явяць у міжнародны вышук.
Польскі вайсковец перабег у Беларусь у чацвер, 16 снежня, каля 17:50 па мінскім часе. На наступны дзень пра гэта паведаміў Дзяржпамежкамітэт. Там дадалі, што Эміль Чэчка папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку.
У інтэрв'ю, цытаты з якога актыўна распаўсюджвае дзяржаўная прапаганда, салдат прызнаў, што дэзертараваў з войска. Ён таксама расказаў, што бачыў выпадкі жорсткага абыходжання з мігрантамі і польскімі валанцёрамі, якія хацелі ім дапамагчы, і што браў удзел у расправах над мігрантамі, у якіх атрымалася перайсці беларуска-польскую мяжу.
Польскія СМІ паведамлялі, што збеглы вайсковец быў на мінулым тыдні затрыманы за нецвярозае кіраванне. Пра праблемы з законам у маладога чалавека распавёў і Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак. Ён звольніў траіх камандзіраў з падраздзялення, у якім служыў Эміль Чэчка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.