У Пружанах памёр мужчына. Яго жонка шукала рэдкую групу крыві для пералівання
Пружанская цэнтральная раённая бальніца / 131.by
"Дзякуй вам, людзі, сардэчна дзякую ўсім, хто адгукнуўся... мы не паспелі", — такое паведамленне з'явілася ў суполцы "УКантакце" "Подслушано Пружаны" раніцай 11 жніўня.
Напярэдадні вечарам яго аўтарка Наталля Рубцова напісала пра тое, што яе муж пасля цяжкай аперацыі мае патрэбу ў пераліванні крыві.
"Патрэбна чацвёртая станоўчая. У цяперашні момант запасаў гэтай групы ў раёне няма. Прашу адгукнуцца донараў, здаровых людзей, якія маюць гэтую групу", — дадала жанчына, паабяцаўшы аплаціць тым, хто адгукнецца, усе выдаткі.
Еўрарадыё вырашыла разабрацца, ці сапраўды на ўвесь раён не знайшлося патрэбнай крыві, каб выратаваць мужчыну.
Ніякай прымусовай каманды ад лекараў не было
Тэлефануем Наталлі — аказваецца, што пытанняў да лекараў у яе няма.
"Яму аказалі высокакваліфікаваную дапамогу на ўзроўні раёна, — расказвае жанчына. — Прыязджалі абласныя спецыялісты, дзве брыгады. Аперацыя ішла восем гадзін.
Што да паведамлення наконт крыві, гэта была асабіста мая ініцыятыва. Ніякай прымусовай каманды ад лекараў не было. Прабачце. Кроў менавіта такой групы была, і менавіта яе капалі яму цэлы дзень. Яна проста вычарпалася. Можа, заставалася якіх 200 мілілітраў, але гэта нішто.
Мужу хапіла, а іншым не хопіць — вось што я мела на ўвазе. Я сама донар і разумею, што гэта такое. Таму і звярнулася да людзей: калі ў кагосьці ёсць магчымасць здаць — калі ласка. Гэта рэдкая група крыві, і яна пастаянна павінна быць у наяўнасці".
Кроў заўсёды была і ёсць
Старшая медсястра аддзялення трансфузіялогіі Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Каляда кажа, што запасы крыві заўсёды былі і ёсць. Донараў з чацвёртай групай крыві няшмат, але і неабходнасці ў ёй амаль няма.
"Мы заўсёды трымаем па два-тры пакецікі на экстранныя выпадкі, — расказвае спецыялістка. — Абследаваная кроў была пазаўчора, учора і ёсць сёння. Плюс — нарыхтоўкі. Нарыхтаваную кроў мы тут не абследуем, возім на станцыю пералівання ў Брэсце, якой падпарадкоўваемся.
Калі мы не паспяваем перадаць яе да 12:00, абследаваць кроў будуць толькі на наступныя суткі. Калі за гэты час нашы запасы раптам скончацца, па законе мы маем права выкарыстоўваць першую адмоўную. Яна лічыцца ўніверсальнай, нікому не нашкодзіць. Пакуль яна будзе пракапвацца, пасылаем машыну ў Брэст, Бярозу або Кобрын. Так што не трэба панікі".
Старшая медсястра падкрэслівае: "У бальніцы ніколі не было такога, каб хтосьці памёр ад нястачы крыві". Яна кажа, што несціся і здаваць менавіта чацвёртую станоўчую групу крыві не трэба. Кроў у медыцыне неабходная ўсякая, і спецыялісты заўсёды сочаць за тым, каб яна была. Як толькі медыкі заўважаюць, што запасы заканчваюцца, у бальніцу выклікаюць донараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.