У Рагачоўскім раёне 50 тон буракоў пакінулі "зімаваць" на ўскраіне поля
Цукровыя буракі пасля "зімоўкі"
У Рагачоўскім раёне 50 тон цукровых буракоў пакінулі "зімаваць" на ўскраіне поля. Вясной, калі растаў снег, іх заўважылі кантралёры.
Як паведамляе Камітэт дзяржкантролю, ім дапамог мясцовы жыхар, які "прасігналізаваў" на "тэлефон даверу" пра сапсаваныя буракі. Факты пацвердзіліся. Высветлілася, што ў снежні 2023-га дырэктар адной з сельскагаспадарчых арганізацый "даручыў падначаленым работнікам пакінуць карняплоды на ўскраіне поля". Перад гэтым іх не прыняў цукровы завод, бо іх прызналі "забруджанымі" і "падмарожанымі". Пры гэтым буракі можна было выкарыстоўваць для корму жывёлам, пішуць кантралёры. Згаданая гаспадарка якраз адчувала недахоп кармоў і вымушана была іх купляць.
Шкоду сельгасарганізацыі ацанілі на суму 4,5 тысячы рублёў. Далей справай будуць займацца праваахоўнікі.
А ў Кармянскім раёне сапсавалі 300 тон корму для жывёл, распачата крымінальная справа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.