У Расіі сям'я з Беларусі пасялілася ў машыне побач з бальніцай
Сваякі пакуль не ведаюць, калі і на якім транспарце змогуць завезці яго на радзіму
У расійскім горадзе Екацярынбург сям'я з Беларусі пасялілася ў машыне побач з гарадской клінічнай бальніцай № 40, піша e1.ru. У ёй знаходзіцца ў рэанімацыі 62-гадовы дальнабойшчык з РБ Яўген Пагарцаў. Ён выконваў рэйс з Масквы да Екацярынбурга і ўжо разгружаў груз, калі здарыўся інсульт. Яму зрабілі аперацыю. Беларус знаходзіцца ў цяжкім стане. Яго малодшая дачка Яўгенія Мельнікава з мужам, жыхары Гомеля, пакінулі дзяцей маці і за два дні прыехалі ў гэты расійскі горад, чакаюць, калі Пагарцаў прыйдзе ў сябе і яго можна будзе транспартаваць дадому.
Але пакуль невядома, наколькі зацягнецца аднаўленне і як перанясе дальнабойшчык далёкую дарогу на радзіму. Ён нейкі час быў у коме, цяпер падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ён толькі раз расплюшчыў вочы, калі ў палату да яго пусцілі дачку.
Па словах старэйшай дачкі, Анастасіі, самаадчуванне ў Яўгена Пагарцава было дрэнным яшчэ перад рэйсам, але начальства адправіла кіроўцу ў дарогу: спачатку на Санкт-Пецярбург і Маскву, потым — на Урал. Пры гэтым дальнабойшчык нават не прайшоў медкамісію — у яго рэчах знайшлі накіраванне на медагляд.
Расійская транспартная кампанія, у якой працаваў мужчына, пасля здарэння з ім тэрмінова даслала падменнага кіроўцу. Ён забраў службовую фуру і з'ехаў. Сваякі толькі паспелі забраць асабістыя рэчы з кабіны грузавіка. Высветлілася, што ў Яўгена Пагарцава не было страхоўкі. 23 ліпеня ён толькі падпісаў працоўную дамову і адразу паехаў у рэйс. Кампанія абяцае аплаціць лячэнне беларуса.
Лекары мяркуюць, што дальнабойшчык яшчэ да двух тыдняў будзе ляжаць у рэанімацыі. Сваякі пакуль не ведаюць, на якім транспарце змогуць яго завезці на радзіму. Мяркуюць, што спатрэбіцца медыцынскі аўтамабіль, а гэта вялізныя выдаткі. Відаць, таму і эканомяць — жывуць у аўтамабілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.