У раёне ўкраінскага Янакіева зніклі два беларусы
Браты Аляксандр і Эдуард Хадзько зніклі 7 верасня ў раёне горада Янакіева. Шмат гадоў яны жывуць у горадзе Славянску.
Браты маюць від на жыхарства і прапіску ў Краматорску. Некалі, яшчэ ў часы Савецкага Саюзу, у Краматорск размеркавалі іх бацьку, які там і застаўся. Але і 49-гадовы Аляксандр, і 28-гадовы Эдуард — грамадзяне Беларусі, адзначае Радыё Свабода.
7 верасня яны на аўтамабілі "Шкода" выехалі з Данецку ў Славянск праз Краснаармейск, але іх завярнулі назад. А 18-й гадзіне яны апошні раз выходзілі на сувязь, як распавяла жонка Аляксандра Хадзько Юлія. Па яе словах, браты сказалі, што трапілі пад абстрэл.
Юлія шукала сваіх блізкіх з дапамогай міліцыі і сілавікоў, але цяпер робіць гэта самастойна. Яна абзваніла шпіталі, моргі ўсіх гарадоў паблізу. Вынікаў няма. У пятніцу жанчына звярнулася па дапамогу ў амбасаду Беларусі.
Фота — svaboda.org