У Рыа беларускай вяслярцы Літвінчук не хапіла да медаля 42 см
У чацвер на Алімпіядзе ў Рыа беларуская вяслярка Марына Літвінчук выступала на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 500 метраў. У выніку перамагла Данута Козак з Венгрыі, яе вынік 1:52.494. За Козак фінішавалі адразу тры вясляркі, у тым ліку беларуска. Для вызначэння 2-га, 3-га і 4-га месцаў спатрэбіўся фотафініш.
У выніку найменш пашанцавала менавіта Марыне Літвінчук. Яна заняла толькі чацвёртае месца, саступіўшы Лізе Гарынгтан з Новай Зеландыі (трэцяе месца) і Эме Ёргенсэн з Даніі (другое). Беларуску ад медаля аддзялілі 102 тысячныя секунды. У пераліку на хуткасць, з якой рухаліся вясляркі на 500-метровай дыстанцыі, гэта ўсяго 42 сантыметры!