У Салігорскім раёне аштрафавалі лекара: з каранавірусам яна пайшла ў царкву
У Салігорскім раёне аштрафавалі лекара-тэрапеўта. У яе выявілі каранавірус, жанчыну пакінулі лячыцца дома ў ізаляцыі. Аднак яна, адчуваючы сябе добра, не дачакалася выздараўлення і пайшла ў царкву. Пра гэта стала вядома і жанчыну за парушэнне рэжыму ізаляцыі аштрафавалі на 810 рублёў, паведамляе sb.by.
Лекар лічыць, што пакаранне занадта суровае (а максімальны штраф можа скласці 1350 рублёў, прадугледжаны і арышт) і паскардзілася памочніку кіраўніка дзяржавы, інспектару па Мінскай вобласці Ігару Яўсееву. Яна датэлефанавалася падчас прамой лініі. Яўсееў раней быў начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі ў сталіцы, ачольваў міліцыю ў Віцебскай і Мінскай абласцях, даслужыўся да звання генерал-маёра.
"Вы як лекар павінны былі разумець неабачлівасць і наступствы свайго ўчынку, — сказаў памочнік Лукашэнкі. — Разумею, што вам крыўдна, але рашэнне суда я не магу абмяркоўваць. Калі вы не згодныя з ім, абскардзіце рашэнне ў абласным судзе".
Як паведамляла Еўрарадыё, у Мінску за парушэнне рэжыму самаізаляцыі на 1080 рублёў быў аштрафаваны 62-гадовы мужчына, які даглядае сваю маці-пенсіянерку з каранавірусам. Ён схадзіў на прагулку і прапусціў прыход міліцыянераў з праверкай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.