У санітаркі ганаровай бальніцы заробак 1,6 мільёна

На рэспубліканскую ганаровую дошку занесеныя 57 пераможцаў-прадпрыемстваў. Занесеныя за дасягненне высокіх паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і высокіх паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў. 

Сярод пераможцаў — ААТ “Будтрэст №35”. Але за прадпрыемствам лічыцца даўгабуд студэнцкага інтэрната ў мікрараёне Дружба і жылы дом ва Уруччы-6.

Пытаюся, за што іх ўзнагародзілі. У «Будтрэсце №35» мне расказваюць, што студэнцкі інтэрнат здалі, а вось з жылымі дамамі на Шафарнянскай будзе затрымка — няма фінансавання.

“Вось перада мной ляжыць рашэнне Ладуцькі, што здача гэтага даўгабуда будзе перанесеная на 2015 год. Афіцыйна гэтага яшчэ няма, але будзе перанос. Але гэта не праз нас, гэта затрымка фінансавання”, — кажуць пра плюсік у карму ў будтрэсце №35

Еўрарадыё: Дык за што тады вас на дошку гонару?

Будтрэст №35: «У нас добрыя паказчыкі, мы добра з усім спраўляемся. Да таго ж і для нас гэта выдатна, калі мы ўдзельнічаем у розных конкурсах ды тэндарах”.

У “Гомельскім аўтобусным парку №1” дзеляцца, што найлепшыя па выкананні сацыяльна-эканамічных паказчыкаў.

“Гэта і па пасажыраперавозках паказчыкі, і па грузаперавозках, і па эканоміі, да прыкладу, электраэнергіі. Мы штогод выконваем паказчыкі. Лямпачкі замянілі на энергазберагальныя, уцяплілі вокны”, — прыводзіць прыклады намеснік начальніка па ідэалогіі Гомельскага аўтапарка №1 Сяргей Ігнаценка.

Еўрарадыё: Дык мо скаргаў ад пасажыраў меней стала?

Аўтапарк: Скаргаў? Гэта раз на раз не ідзе. Заўсёды ёсць скаргі. Але гэта да пары, пакуль пасажыры разбяруцца з новаўвядзеннямі.

За якія дасягненні на ганаровую дошку павесілі Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу, мне спрабуюць тлумачыць у аддзеле кадраў.

Тут многа фактараў, але найперш дыягностыка ды лячэнне. Мы ж фактычна выконваем ролю другой абласной бальніцы, у нас тут і міжраённыя аддзяленні! І вельмі вялікі штат — болей за 3000 чалавек, з іх 470 дактароў і вельмі добрых спецыялістаў”, — кажа начальнік аддзела кадраў Маржан Гендугава.

Але на сайце Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы значацца болей за 60 вакансій дактароў, у тым ліку вузкіх спецыялістаў! Адкуль паказчыкі па дыягностыцы і лячэнні, калі дактароў не хапае.

“Гэта праблема не нашая, а па ўсёй краіне! У нас 50 дактароў у дэкрэт пайшло, такога ніколі не было. Яшчэ 80 дактароў — пенсіянеры, у любую секунду могуць сысці. Але ў нас усё добра. Мы ж лечым, няхай і за кошт таго, што большая нагрузка на дактароў. У нас добрыя паказчыкі. У нас усё добра”, — кажуць у салігорскай бальніцы. І заўважаюць, што звычайная санітарка атрымлівае заробак у… 1,6 мільёна.

Але ж усё добра!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі