У Санкт-Пецярбург прывезлі з Беларусі яшчэ 48 аўтобусаў МАЗ
Пастаўкі аўтобусаў працягваюцца, нягледзячы на тое, што яны часам гараць падчас руху
У Санкт-Пецярбург прывезлі з Беларусі 48 аўтобусаў МАЗ. Ва ўрачыстай цырымоніі іх перадачы ўдзельнічала кіраўніцтва горада і гендырэктар Мінскага аўтамабільнага завода.
Прэс-служба прадпрыемства адзначае, што ў новай партыі — аўтобусы МАЗ 216. Яны "асабліва вялікага класа". Іх атрымаў аўтапарк № 2 прадпрыемства "Пасажыраўтатранс". Летась яму было пастаўлена 229 аўтобусаў МАЗ (яны складаюць траціну парку). Цяпер чакаюць яшчэ 25.
Пастаўкі аўтобусаў МАЗ у Санкт-Пецярбург працягваюцца, нягледзячы на тое, што яны часам гараць падчас руху. Шмат выпадкаў было летась (нават здымалі з рэйсаў 137 МАЗаў за "схільнасць да ўзгарання"), некалькі — ужо сёлета. Мяркуецца, што ўзгаранні адбываюцца з-за замены на вытворчасці замежных камплектуючых, пастаўкі якіх спыніліся праз санкцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.