У сеціве з’явіўся блог кіраўніка Брэсцкага гарвыканкама
Праўда, прысвечаны ён будзе выключна культурнаму жыццю абласнога цэнтра.
Кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук завёў уласны блог. Яго асабістая старонка размяшчаецца на сайце "Брэст — культурная сталіца Беларусі”. Партал створаны сёлета і размяшчае інфармацыю пра культурныя падзеі ў Брэсце.
Зразумела, што Аляксандр Рагачук будзе дзяліцца сваімі думкамі выключна на тэму культуры. Аднак нават такая актыўнасць у інтэрнэце з боку брэсцкіх чыноўнікаў раней не заўважалася.
“Аляксандр Сцяпанавіч проста досыць блізкі да камп'ютарнай тэхнікі і да сучасных сродкаў сувязі. Ён таксама глядзіць на тое, што сёння з’яўляецца папулярным, якая форма размовы. Так і ўзнікла ідэя перш за ўсё стварыць сайт, а ў выніку і блог”, — распавядае Еўрарадыё памочнік кіраўніка Брэсцкага гарвыканкаму Аляксей Крываносаў.
Блог брэсцкага кіраўніка троху адрозніваецца ад іншага кантэнту сайта — там няма магчымасці пакідаць каментарыі. Узнікае версія, што гэта сродак барацьбы з непрыемнымі пытаннямі. Аднак Крываносаў кажа, што яго кіраўнік не хаваецца ад пытанняў, а нават перыядычна чытае каментарыі на розных брэсцкіх сайтах.
Крываносаў: “На сённяшні дзень пакуль у нас працуе тэставы рэжым. То бок, мы назіраем за тым, наколькі папулярным будзе блог. Пакуль яшчэ рана казаць, якая у яго будзе форма, — яшчэ і суткі не прайшлі. Сам фармат яшчэ папярэдні, ён будзе расці, развівацца. Цалкам магчыма, што з’явіцца і магчымасць каментаваць”.
Пакуль у блогу ёсць толькі адзін запіс па-руску Аляксандр Рагачук тлумачыць, чым асабіста для яго з’яўляецца паняцце "культура".
Плануецца, што абнаўляцца блог будзе не менш, чым раз на 2 тыдні. Усё залежыць ад колькасці інфармацыйных нагодаў культурнай тэматыкі і занятасці новага брэсцкага блогера.
Фота з блога Аляксандра Рагачука на сайце kulturabrest.by