У сераду паслы краін ЕС абмяркоўваюць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
Рэжым Лукашэнкі чакаюць новыя санкцыі
У сераду ў Бруселі паслы краін ЕС абмяркоўваюць новыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пытанне было тэрмінова вынесена на парадак дня. Гэта апошняе пасяджэнне пастаянных прадстаўнікоў пад кіраўніцтвам Бельгіі, якая з'яўляецца старшынёй ў Савеце ЕС. З 1 ліпеня старшынства па ратацыі пяройдзе да Венгрыі, піша @dw_belarus.
"За апошнія месяцы стала відавочна, што асноўны абыход санкцый [у дачыненні да РФ] адбываецца праз Беларусь, — цытуе выданне словы неназванай дыпламатычнай крыніцы ў Бруселі. — Калі мы вялі перамовы аб 14-м пакеце, мы засяродзіліся толькі на Расіі, але застаецца шчыліна, якую неабходна закрыць".
Паводле звестак крыніцы, у апошнія дні Еўракамісія распрацоўвала пакет санкцый у дачыненні да РБ, каб прывесці яго ў адпаведнасць з санкцыйнымі мерамі ў дачыненні да РФ. "Мы разумеем, што гэта вельмі кароткі тэрмін, бо звычайна на гэта патрабуецца некалькі тыдняў, — падкрэслівае суразмоўца DW. — Але па зразумелых прычынах пераважная большасць дзяржаў-членаў палічылі, што мы павінны паспрабаваць паспець да 30 чэрвеня".
Вядома, што ўвядзенне новых санкцый у дачыненні да Беларусі актыўна прасоўвае Бельгія. Калі яны будуць прынятыя на ўзроўні паслоў 26 чэрвеня, іх могуць зацвердзіць на саміце ЕС у Бруселі 27-28 чэрвеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.