У Сірыі збілі расійскі штурмавік: загінуў пілот, былы ўкраінскі вайсковец
У Сірыі збілі расійскі штурмавік Су-25. Гэта адбылося ўвечары 3 лютага ў правінцыі Ідліб. Паводле папярэдняй інфармацыі, у самалёт трапіла ракета з пераноснага зенітна-ракетнага комплексу. Пілот штурмавіка паспеў катапультавацца, аднак быў забіты ўжо на зямлі падчас вядзення бою з тэрарыстамі. Міністэрства абароны Расіі сумесна з Турцыяй дамагаецца выдачы цела загінулага.
Як паведамляе meduza.io са спасылкай на “Новую газету”, пілотам збітага штурмавіка быў лётчык з Сімферопаля, былы ўкраінскі вайсковец. Пасля анексіі Крыму ён прысягнуў Расіі.
За час аперацыі ў Сірыі, паводле афіцыйных звестак, загінула болей за 40 расійскіх вайскоўцаў. У снежні мінулага года прэзідэнт Уладзімір Пуцін у трэці раз абвясціў пра вывад часткі расійскіх войскаў з Сірыі і паведаміў пра разгром “набольш баяздольнай групоўкі міжнародных тэрарыстаў”.