У Слоніме ўлады праводзяць галасаванне, каб вырашыць, дзе будзе помнік Сапегу
У Слоніме ўлады праводзяць галасаванне, каб вырашыць, дзе будзе помнік Льву Сапегу (1557 — 1633). Дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага княства Літоўскага, канцлер вялікі літоўскі быў слонімскім старастам (у 1586 — 1605 гадах), адбудаваў горад, зрабіў яго важным палітычным цэнтрам ВКЛ. Ідэя ўсталяваць у Слоніме помнік Сапегу ўзнікла яшчэ ў другой палове 1990-х, спачатку як грамадская ініцыятыва. У апошнія гады яе спрабуюць рэалізаваць мясцовыя ўлады.
На сайце раённай газеты прапануецца выбраць адно з пяці месцаў усталявання скульптурнай кампазіцыі. Сярод іх ёсць і плошча Сапегі, але гэта месца, аддаленае ад цэнтра горада. Пакуль найбольш папулярны варыянт — плошча Леніна (на здымку знізу). Побач знаходзяцца мясцовы тэатр, краязнаўчы музей і былая ратуша.
Таксама праводзіцца збор грошай на будаўніцтва помніка.