У сталіцы Японіі адкрыліся курсы беларускай мовы (фота)
Арганізатарка заняткаў "Беларускай гутарні" Таццяна Цагельнік атрымлівае ступень магістра ў Нідэрландах на япаністыцы.
У Токіа яна прыехала на навучальны год. Заняткі ладзяцца раз на тыдзень.
Як распавяла дзяўчына тэлеканалу "Белсат", ідэя зладзіць заняткі з’явілася колькі гадоў таму, пасля першай паездкі ў Японію. Але па-сапраўднаму Цагельнік натхніў поспех нефармальных заняткаў беларускай мовы "Мова ці кава", якія праходзяць у Маскве і Мінску.
Паводле афіцыйных звестак, у Японіі жывуць некалькі соцень беларусаў, якія практычна не падтрымліваюць кантактаў паміж сабой. Таму не дзіўна, што ўдзельнікі курсаў — пераважна японцы, якія ўжо ведаюць рускую ці польскую мовы.
Таццяна Цагельнік спадзяецца, што яе ініцыятыву працягне Сіёры Кіясава, дзяўчына, якая на курсах у Мінску вывучыла беларускую мову за 11 месяцаў.