Ва Украіне абверглі інфармацыю пра будаўніцтва ў Беларусі баз для расійскіх дронаў
Знішчаны дрон у небе / "ОтВинта"
Саветнік міністра абароны Украіны Сяргей Бескрэстнаў абверг інфармацыю пра будаўніцтва аэрадромаў у Беларусі для запуску дронаў па Украіне.
Пра гэта ён паведаміў у панядзелак, 6 красавіка, на сваёй старонцы ў Telegram.
"Мне нічога не вядома пра будаўніцтва аэрадромаў для запуску шахедаў з Беларусі. Я ў шоку ад таго, як скажаецца інфармацыя", — піша саветнік міністра абароны.
Напрыканцы сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Расія плануе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для будаўніцтва наземных станцый кіравання беспілотнікамі. На пачатку красавіка на сайце Forbes з’явіўся артыкул, у якім аўтар са спасылкай на гэтую заяву пісаў пра тое, што ў Беларусі будуць пабудаваны чатыры базы для расійскіх беспілотнікаў. Гэты тэкст шырока цытавалі і іншыя медыя, у тым ліку Еўрарадыё.
Па словах Бескрестнава, журналісты няправільна інтэрпрэтавалі заяву прэзідэнта Украіны і назвалі антэны дыстанцыйнага кіравання дронамі "базамі дальняга дзеяння". Ён лічыць, што такое скажэнне інфармацыі аказвае псіхалагічны ціск на ўкраінцаў.