У Варшаве з'явіцца вуліца імя беларускага генерала Булак-Балаховіча

У Варшаве з'явіцца вуліца імя беларускага генерала Булак-Балаховіча

У Варшаве з'явіцца вуліца імя беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча (1883–1940). Перайменаванне адбудзецца ў рамках дэкамунізацыі публічных назваў, перадае Радыё "Свабода".

Гэтая вуліца знаходзіцца ў квартале Вавэр у правабярэжнай частцы Варшавы і цяпер носіць імя Браніслава Вэсалоўскага (1870–1919), камуністычнага дзеяча і ўдзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Агулам, паводле распараджэння мазавецкага ваяводы Здзіслава Сіперы, у Варшаве памяняюць назвы 47 вуліцаў.

Станіслаў Булак-Балаховіч — беларускі, польскі і расійскі вайсковы дзеяч. Ён быў афіцэрам кавалерыі Расійскай імператарскай арміі, генерал-маёрам Белай арміі, генералам Асобнага атраду БНР, камандзірам добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 г. Акрамя таго, Булак-Балаховіч паўдзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі на баку генерала Франка. 

Пасля нацысцкай акупацыі Польшчы Булак-Балаховіч спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад для барацьбы з акупантамі, удзельнічаў у абароне Варшавы. Быў забіты ў Варшаве 10 траўня 1940 года нямецкім патрулём. Месца яго пахавання невядомае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі