У Ваўкавыску затрымалі больш за 15 супрацоўнікаў мясцовага мясакамбіната

На Ваўкавыскім мясакамбінаце прайшоў "хапун" / volmk.by
На Ваўкавыскім мясакамбінаце прайшоў "хапун" / volmk.by

У Ваўкавыску 1 і 2 чэрвеня адбыўся "хапун": сілавікі затрымлівалі супрацознікаў мясцовага мясакамбіната, піша "Наша Ніва".

У пастарунку апынулася больш за 15 чалавек. Некаторых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі.

Адзін з жыхароў Ваўкавыска паведаміў, што сілавікі шукалі ў тэлефонах падпіскі на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы і палітычныя фота— і відэаматэрыялы. "Людзей забіралі на прахадной прадпрыемства, а таксама на аўтобусным прыпынку", — расказаў іншы чалавек.

У адміністрацыі мясакамбіната гаварыць пра затрыманне супрацоўнікаў адмовіліся: "Мы не ўпаўнаважаныя адказваць на такія пытанні".

У адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў з'явілася відэа са схопленым жыхаром Ваўкавыска Васілём Паўлючэнем. Невядома, ці працуе ён на мясакамбінаце.

Яго знаёмыя расказалі, што год таму Паўлючэня вярнуўся з-за мяжы. У міліцыі за гэты час прэтэнзій да яго не было.

У відэа сілавікоў мужчына завучана кажа, што яго затрымалі за распаўсюд у інтэрнэце "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Таксама сілавікі заявілі, быццам у 2021 годзе ён пачаў рэгістрацыю ў чат-боце плана "Перамога", але да канца яе не давёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі