У Віцебску зноў судзілі ксяндза Вашчука, але перад гэтым ён пакінуў Беларусь
9 верасня ў Віцебску адбыўся суд над ксяндзом і пробашчам парафіі Святога Духа Андрэем Вашчуком, але без удзелу самаго святара, піша @viasna96.
Вашчука абвінавацілі ў тым, што 21 лютага ў тг-чаце "Рэальная Беларусь" ён апублікаваў выявы са свастыкай у карыкатурнай форме. Пратакол паводле арт. 19.10 КаАП быў складзены на ксяндза, пакуль той знаходзіўся за кратамі па іншых адміністрацыйных справах — за бчб-аватарку ў фэйсбуку і ўдзел у "экстрэмістскім" чаце. Летам у суме святар правёў у ізалятары 30 сутак.
Падчас працэсу суддзя Андрэй Андрушэнка зачытаў дадзеныя памежнага камітэту: "Вашчук у пешым парадку сышоў у Літву 15 жніўня" — гэта адбылося акурат у дзень вызвалення. Таму справу Вашчука разглядалі без яго ўдзелу. У выніку суд пакараў яго штрафам у памеры 320 рублёў.
Вашчук быў затрыманы ГУБАЗіКам 15 ліпеня. Пасля таго, як ксёндз пакінуў Беларусь, у касцёле Святога Духа быў праведзены ператрус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.