У Віцебску зноў судзяць палітзняволеную Вольгу Брыцікаву
Вольга Брыцікава ў жніўні 2020-га / gazeta.naftan.by
У Віцебску зноў судзяць палітзняволеную Вольгу Брыцікаву, былую лідарку незалежнага прафсаюза "Нафтана" ў Наваполацку. Справу разглядае Віцебскі абласны суд, паведамляюць праваабаронцы.
Вясной Брыцікава была асуджаная тым жа судом на тры гады калоніі агульнага рэжыму нібыта за "распальванне сацыяльнай варожасці альбо варажнечы". Гэтым разам яе абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", "закліках да санкцый" і зноў у "распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы". Суддзя — Яўген Буруноў.
Вольга Брыцікава працавала на "Нафтане" начальнікам аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў. У жніўні 2020 года яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі ў той час праходзіў сход працоўных з удзелам кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантроля Івана Тэртэля (цяпер ён старшыня КДБ), якраз Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў (на відэа). У канцы 2020-га яе звольнілі, а ў 2021 годзе яна стала кіраўніцай незалежнага прафсаюза на "Нафтане" (незалежныя прафсаюзы ў РБ ужо знішчаныя).
Вольгу Брыцікаву неаднаразова затрымлівалі за выказванні супраць вайны і "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". У 2022 годзе яна правяла ў зняволенні 105 сутак (з іх 75 — запар). У жніўні 2023 года Брыцікаву затрымалі зноў, на гэты раз распачалі крымінальную справу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.