Жанчына, якая спрабавала сябе спаліць, была на лячэнні ў псіхіятрычнай бальніцы
У жанчыны, якая раніцай 9 чэрвеня спрабавала сябе спаліць у прахадной гомельскага прадпрыемства “Камінтэрн”, апёкі складаюць больш за 50% цела (раней гаворка ішла пра 35%). Яна паступіла ў бальніцу ў цяжкім стане, знаходзіцца ў рэанімацыі. Як інфармуе тэлеканал “Беларусь 1”, калі жанчына прыходзіла ў свядомасць, то гаварыла, што ў апошнія два тыдні яна знаходзілася на лячэнні ў Гомельскай абласной псіхіятрычнай бальніцы. Еўрарадыё датэлефанавалася да гэтай бальніцы і там пацвердзілі, што згаданая жанчына сапраўды была ў іх.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося ў 7.30-7.40. 55-гадовая жанчына, якая працуе прыбіральшчыцай, загадзя абліла сябе нейкай гаручай вадкасцю. Яна прыйшла на прахадную і запальнічкай сябе падпаліла. Мужчына, які рамантаваў турнікет, не разгубіўся і патушыў яе, выратаваў жанчыне жыццё.
Вядома, што ў жанчыны нядаўна памёр муж. У яе ўзніклі праблемы з атрыманнем з Карэліі дакументаў для пацвярджэння працоўнага стажу (яна афармляла пенсію). Магчыма, гэта яе падштурхнула на такі крок. Гендырэктар прадпрыемства характарызуе работніцу станоўча, кажа, што яна атрымлівала “годны заробак”. Як распавёў Еўрарадыё адзін з работнікаў, жанчына зарабляла каля 400 рублёў.