У жыхара Любішчыцаў былі апёкі 40% цела, а ён не хацеў звяртацца да лекара
На месцы здарэння
У жыхара Любішчыцаў (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) былі апёкі 40% цела, а ён не хацеў звяртацца да лекара. Толькі калі самаадчуванне пагоршылася, ён прыехаў у бальніцу і быў змешчаны ў рэанімацыю.
Як паведамляе раённая газета, здарэнне адбылося 2 ліпеня, калі 48-гадовы мужчына ўдзень прыбіраў тэрыторыю каля свайго дома. Ён не заўважыў, што на адзенне праліўся бензін. Увечары, нічога не падазраючы, скарыстаўся запальнічкай, і адзенне загарэлася. Мужчына агонь патушыў і па медыцынскую дапамогу не звяртаўся.
У бальніцу ў Івацэвічах ён, відаць, звярнуўся толькі раніцай 4 ліпеня. Лекары паставілі дыягназ "тэрмічны апёк полымем спіны і абедзвюх рук I-II ступені". Яго тэрмінова шпіталізавалі. Мужчына знаходзіцца ў свядомасці, яго стан сярэдняй цяжкасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.