У Жыткавіцкім раёне п'яны трактарыст на МТЗ уцёк ад пагоні ДАІ
У Жыткавіцкім раёне п'яны трактарыст на МТЗ уцёк ад пагоні ДАІ. Здарэнне адбылося каля 4-й гадзіны раніцы 8 сакавіка. У міліцыю патэлефанавалі і паведамілі, што мужчына ўжываў алкагольныя напоі ў кавярні, пасля чаго сеў за руль. Супрацоўнікі ДАІ знайшлі трактар, які рухаўся і не збіраўся спыняцца. Больш таго, ён звярнуў на лясную дарогу, а пасля — у балота. Перад гэтым ДАІшнікі зрабілі чатыры папераджальныя стрэлы ў паветра і ўжо збіраліся страляць прыцэльна. Ехаць па забалочанай мясцовасці яны не рызыкнулі.
Высветлілася, што трактар адносіцца да гаспадаркі "Чырвоны Бор". Там даведаліся адрас трактарыста. Калі супрацоўнікі ДАІ прыехалі ў вёску Сяменча, трактар стаяў каля хаты 23-гадовага трактарыста. Мужчыну завезлі ў Жыткавіцкі РАУС. Там ён прызнаўся, што ўцякаў, бо сеў за руль у нецвярозым стане (у яго крыві выявілі 1,3 праміле алкаголя).
Газета "Гомельская праўда" адзначае, што трактарысту пагражае за нецвярозую язду штраф — да 21 млн рублёў. Яго могуць пазбавіць права кіравання тэрмінам на тры гады. За тое, што мужчына не спыніў трактар і уцёк ад ДАІ, яму пагражае да 4 млн рублёў штрафу і пазбаўленне правоў кіравання тэрмінам да двух гадоў. Таксама мужчыне пагражае крымінальная адказнасць за крадзеж трактара.