Удзельніцы FEMEN зладзілі "Начны напад на Лукашэнку" ў Кіеве (фота)
Акцыя прайшла каля месца начлегу ў Кіеве беларускага кіраўніка.
Дзяўчаты з'явіліся да месца акцыі з паходнямі. На іх целах былі напісаныя заклікі "Жыве Беларусь!", "Fuck dictator!" ды іншыя, паведамляе сайт жаночага руху.
Спакой кіраўніка Беларусі, аднак, збераглі міліцыянты і спецназаўцы "Беркута".
У размове з Еўрарадыё лідар руху Ганна Гуцол распавяла, што затрыманым дзяўчатам пагражае 15 сутак арышту.
Ганна Гуцол: “На іх склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Максімальнае пакаранне за гэта – 15 сутак. Сёння а 14 гадзіне будзе суд, які і вырашыць – што нам прад’явяць”.
Ганна адзначыла, што нягледзячы на затрыманне, Femen плануе правесці яшчэ адну акцыю.
Ганна Гуцол: “Мы будзем нешта старацца правесці, але, на жаль, мы з учорашняга вечара знаходзімся пад пільнай увагай. Праўда, учора нам гэта не зашкодзіла іх падмануць і апынуцца каля рэзідэнцыі. Мы спадзяемся, што і сёння ў нас будзе адзін невялікі шансік… калі ён рэалізуецца – вы ўсё пабачыце!”
Нагадаем, што ў 2011 годзе ў Мінску Femen правялі акцыю супраць Лукашэнкі на прыступках КДБ. Тады ля будынка Камітэта дзяржбяспекі спынілася таксі, з якога выскачылі тры дзяўчыны. На бягу яны скінулі з сябе вопратку, і ўжо топлес сталі на прыступкі будынка. Некалькі хвілінаў дзяўчаты з украінскага руху Femen беспакарана крычалі "Жыве Беларусь!".
На тварах у актывістак былі прымацаваныя вусы, а на спіне ў адной з іх — выява Аляксандра Лукашэнкі.
Праз некалькі хвілін з будынку КДБ выйшла ахова і адразу стала хапаць журналістаў. Дзяўчаты з Femen тым часам рынуліся на ўцёкі, апранаючыся на хаду. Іх спрабавала затрымаць міліцыя, але супрацоўнікі МУС былі настолькі шакаваныя, што адпусцілі ўкраінак.
"Мы як раз апраналіся на хаду, у нас быў даволі дзіўны знешні выгляд. Міліцыянты схапілі нас за рукі, спрабавалі выкарыстаць фізічную сілу, але не зразумелі, што адбываецца, разгубіліся і адпусцілі. Цяпер, відаць, яны разумеюць, што зрабілі вялікую памылку", — распавядала тады Еўрарадыё адна з удзельніц акцыі Іна Шаўчэнка.
А ў нядаўнім інтэрв'ю Еўрарадыё дзяўчаты з Femen распавялі пра свае планы на Беларусь.
Аляксандра Шаўчэнка: Чым бліжэй хакейны чэмпіянат 2014 года, тым часцей у Google будуць на запыт “Беларусь” і “хакей” сустракацца цыцкі Femen. Мы гатовыя туды ехаць і мы гэта зробім.
Ганна Гуцол: Цяпер не трэба адкрываць сакрэты — дзе і калі мы з’явімся. Але тое, што мы будзем байкатаваць Чэмпіянат па хакеі ў Беларусі — гэта факт. Справа не ў беларусах, якія не сходзяць на хакей — справа ў Лукашэнку. У гэта мерапрыемства будуць улівацца грошы, якія дазволяць Лукашэнку пратрымацца яшчэ год-два.
Вялікае інтэрв'ю Femen:
Femen: Мы прымусілі слухаць голую жанчыну. Не трахаць, а слухаць!
Фота — femen.org