Украіна адчыняе межы з усімі суседзямі, акрамя Беларусі і Расіі
Кабінет міністраў Украіны пагадзіўся аднавіць працу 66 пунктаў пропуску на мяжы з Еўрасаюзам і Малдовай. З дакладам на гэтую тэму выступіў на пасяджэнні ўрада міністр унутраных спраў Арсен Авакаў.
"Рэалізацыя праекта дазволіць аднавіць паўнавартасны памежны рух на мяжы з Польшчай, Венгрыяй, Славакіяй, Румыніяй і Малдовай", — цытуе hromadske.ua словы чыноўніка. Межы будуць адчыненыя пасля апублікавання рашэння ўрада.
Пры гэтым Украіна пакідае зачыненымі межы з Беларуссю і Расіяй. Гэта тлумачыцца эпідэміялагічнай сітуацыяй.
На працягу наступнага тыдня ва Украіне з абмежаваннямі дазволяць карыстацца метро, прыгарадным і грамадскім транспартам, пачнуць працу гатэлі, а таксама адновяцца спартыўныя спаборніцтвы.
У Беларусі пакуль што фіксуецца штодня больш за 900 новых выпадкаў заражэння каранавірусам. Агульная колькасць захворванняў на COVID-19 на сёння склала 32 426 выпадкаў, 179 пацыентаў памерлі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.