Украіна правядзе маштабныя ваенныя вучэнні ў верасні
Валерый Залужны / 24tv.ua
На галоўных ваенных палігонах Украіны і ў акваторыі Чорнага і Азоўскага мораў з 22 па 30 верасня пройдуць стратэгічныя ваенныя вучэнні "Аб'яднаныя намаганні — 2021".
Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны Валерый Залужны.
Вучэнні маюць абарончы характар. Пры падрыхтоўцы "Аб'яднаных намаганняў — 2021" ўлічаны падыходы краін НАТА да ўжывання войскаў і вопыт узброеных канфліктаў апошніх гадоў.
У Генштабе Украіны таксама паведамілі, што на вучэннях будзе адпрацаваны адзін з магчымых варыянтаў развіцця ваенна-палітычнай сітуацыі на межах краіны.
Раней Еўрарадыё паведамляла аб тым, што Беларусь і Расія правядуць сумесныя стратэгічныя вучэнні "Захад-2021" з 10 па 16 верасня на палігонах дзвюх краін і ў паўднёвай частцы Балтыкі.
Усяго ў манеўрах задзейнічаюць да 200 тысяч чалавек, каля 80 самалётаў і верталётаў, да 760 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку 290 танкаў, 240 гармат, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў, а таксама да 15 караблёў.
На тэрыторыі Беларусі ў вучэннях будуць задзейнічаны каля 12 800 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.