Украіна ўчыніла дэмарш, калі Беларусь пачала старшыняваць у органе АБСЕ
У сераду, 4 траўня, Беларусь па ратацыі атрымала месца старшыні ў Форуме супрацоўніцтва па бяспецы АБСЕ. У адказ на гэта дэлегацыі Украіны і краін-партнёраў у АБСЕ пакінулі залу пасяджэння, піша Укрінфарм.
Пасаду старшыні ў адным з двух пастаянна дзеючых дырэктыўных органаў АБСЕ Беларусь будзе займаць чатыры месяцы.
Перад гэтым Украіна і іншыя краіны-ўдзельніцы арганізацыі казалі, што афіцыйнаму Мінску нельга даваць такую пасаду ва ўмовах, калі Беларусь з'яўляецца суагрэсарам у вайне Расіі супраць Украіны.
Сёння ўкраінская дэлегацыя афіцыйна заявіла, што не лічыць магчымым прымаць факт, што дыскусіі будуць праходзіць пад старшынёўствам Беларусі і парадак дня будзе вызначаць дзяржава, якая падтрымлівае вайну ў рэгіёне АБСЕ.
"Мы шкадуем, што Беларусь не адмовілася ад сваёй чаргі ўзначаліць ФСГБ. Сам факт яе старшынёўства — абраза прынцыпаў, на якіх грунтуецца арганізацыя", — кажуць ва ўкраінскай дыпламатычнай місіі.
Як паведамлялася раней, АБСЕ не прызнала Беларусь удзельніцай ваеннага канфлікту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.