Украінцы злавілі ўзброенага чачэнца — байца расійскага войска (фота, відэа)
Здарылася гэта сёння раніцай каля прахода "Чангар" на поўначы Крыма.
Памежны ўкраінскі нарад затрымаў 29-гадовага чачэнца Рамзана Сусарава. Ён аказаўся вайскоўцам расійскай часці № 27777. Затрыманы ехаў на аўтамабілі, меў пры сабе аўтамат Калашнікава і 180 патронаў да яго, пісталет Макарава, вайсковую форму і бронекамізэльку.
На допыце чачэнец распавёў, што праходзіў службу ў Калінаўцы ў Чачэнскай рэспубліцы, адкуль яго батальён перакінулі ў Крым, у горад Джанкой, паведамляе УНІАН. Пра тое, якое заданне выконваў затрыманы на поўначы Крыма, інфармацыі няма.
Тым часам расійскія СМІ паведамілі пра затрыманне групы з 7 украінцаў, якія прыехалі ў Маскву з Луганшчыны. Яны, нібыта, мелі пры сабе нажы і планавалі... "дыверсійныя мерапрыемствы і беспарадкі".