Украіне прыгразілі выключэннем з “Еўрабачання” з-за расіянкі Самойлавай
Украіне прыгразілі выключэннем з “Еўрабачання” з-за расіянкі Юліі Самойлавай, прадстаўніцы Расіі на міжнародным конкурсе песні, які ў траўні пройдзе ў Кіеве. Як вядома, ёй на тры гады забаронены ўезд на ўкраінскую тэрыторыю (з-за таго, што Самойлава ў 2015 годзе наведвала Крым). У Еўрапейскім вяшчальным саюзе некалькі тыдняў пачакаюць крокаў Кіева па вырашэнні канфліктнай сітуацыі, інакш увядуць часовыя санкцыі, інфармуе УНІАН.
Гендырэктар саюза Інгрыд Дэльтэнрэ выказала шкадаванне, што “Еўрабачанне”, якое мусіць радаваць і аб’ядноўваць мільёны людзей, выкарыстоўваецца “для палітычных гульняў улады”. Дэльтэнрэ прызналася, што вядзе перамовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прэм’ер-міністрам Уладзімірам Гройсманам, каб дазволіць Юліі Самойлавай паўдзельнічаць у міжнародным конкурсе песні ў Кіеве.