Украінец на снегаходзе прарваўся праз беларуска-ўкраінскую мяжу (фота)
10 студзеня украінскія памежнікі, атрымаўшы інфармацыю ад беларускіх калег, затрымалі парушальніка, які на снегаходзе пераехаў праз беларуска-ўкраінскую мяжу па-за пунктам пропуску.
Як паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны, беларускія памежнікі паведамілі ўкраінскім калегам, што выявілі сляды снегахода. Яны вялі з беларускай тэрыторыі ў зону адчужэння каля Чарнобыльскай АЭС ва Украіне. Пра здарэнне ўкраінскія памежнікі паінфармавалі Нацыянальную паліцыю зоны Чарнобыльскай АЭС.
У выніку ўкраінскія памежнікі і паліцыя затрымалі парушальніка за некалькі кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы, у зоне адчужэння. Гэта быў грамадзянін Украіны на снегаходзе, да якога на сані прычапіў маламерную лодку. Выявілася, што 55-гадовы мужчына афіцыйна заехаў на тэрыторыю Беларусі. А потым ён вырашыў незаконна вывезці ва Украіну снегаход і сваю маламерную лодку.
На парушальніка склалі пратакол аб парушэнні дзяржаўнай мяжы. Таксама на яго склалі пратакол за парушэнне патрабаванняў рэжыму радыяцыйнай бяспекі ў мясцовасцях, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню.