Украінскай сям'і ў Мінску вярнулі дзіця, вывезенае ў Расію
Сустрэча прайшла ў амбасадзе Катара ў Беларусі
У Мінску ў амбасадзе Катара ў Беларусі адбылося ўз'яднанне ўкраінскага дзіцяці, вывезенага ў Расію, з сям'ёй. Дзяўчынку клічуць Людміла. Ёй 12 гадоў. Калі пачалася вайна, дзяўчынка з сям'ёй жыла ў Ізюме. Пасля разводу бацькоў яе выхоўвала бабуля. Калі пачалася вайна, бабуля з дзяўчынкай апынуліся ў Расіі. Там дзяўчынку перадалі ў прытулак.
"Мама Людмілы спрабавала паехаць па дачку ў Маскву, але яе не пусцілі расійскія памежнікі", — кажа ўпаўнаважаная прэзідэнта РФ у правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова. Чыноўніца сцвярджае, што "Люда зрабілася семдзесят першым дзіцем, якога нам ужо ўдалося ўз'яднаць з сем'ямі на Украіне і ў іншых краінах". Сама дзяўчынка прызналася, што вельмі сумавала па сваіх трох братах, якіх не бачыла два з паловай гады. Цяпер яны з мамай паедуць у Польшчу, у Варшаве яна пойдзе ў 7-ы клас.
Нагадаем, у сакавіку 2023-га Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і Марыі Львовай-Бяловай — за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.