Украінская ўлада ўжывае да апазіцыі беларускія метады

Кіеўская міліцыя пачала крымінальную справу з нагоды перакрыцця дзвюх цэнтральных вуліц сталіцы і пашкоджання маёмасці – тратуарнай пліткі, якая нібыта была паламаная пры ўсталяванні намётаў. Але адначасова праваахоўныя структуры пакінулі без увагі заяву арганізатараў акцыі пра пашкоджанне іх маёмасці, калі ў ноч на 3 снежня намётавае мястэчка было прымусова дэмантаванае прадстаўнікамі сілавых структур, пераапранутымі ў форму камунальнікаў.

Паводле папярэдніх ацэнак, сума шкоды, нанесенай прадпрымальнікамі, складае 200 тысяч грыўняў (каля 25 тысяч долараў ЗША).

"Была пачатая крымінальная справа на каменданта намётавага мястэчка Алега Ахтырскага — аднаго з кіраўнікоў грамадскага руху "Агульная справа". Мы не верылі, што людзей можна саджаць за краты па такім абсурдным абвінавачванні, як пашкоджанне пліткі. Але ўлада разглядае гэта інакш, таму на наступны панядзелак мы плануем правесці акцыю", — сказаў каардынатар Падатковага Майдану Аляксандр Данілюк.

Паводле яго словаў, 17 студзеня прадстаўнікі грамадскіх арганізацый прыйдуць пад Адміністрацыю прэзідэнта Віктара Януковіча. У іх будзе адзінае патрабаванне — закрыць крымінальныя справы супраць актывістаў Падатковага Майдану.

"Мы будзем патрабаваць, каб закрылі ўсе гэтыя крымінальныя справы, і каб усіх, хто цяпер у ізалятары (удзельнікі акцый), адпусцілі. Не было ніякіх супрацьпраўных дзеянняў, таму людзі не павінны знаходзіцца ў следчым ізалятары", — кажа Данілюк

Дарэчы, на сённяшні дзень за кратамі ўжо знаходзіцца амаль палова прадстаўнікоў папярэдняга ўраду. Так, экс-міністр эканомікі Багдан Данілішын арыштаваны ў Чэхіі паводле запыту Украіны. Больш за паўгода ў следчым ізалятары знаходзяцца экс-старшыня Дзяржаўнай мытнай службы Анатоль Макаранка, былы першы намеснік кіраўніка НАК "Нафтагаз Украіны" Ігар Дзідэнка, былы намеснік начальніка Энэргетычнай рэгіянальнай мытні Тарас Шэпіцька, былы галоўны бухгалтар НАК "Нафтагаз Украіны" Марыя Кушнір, былы намеснік міністра абароны Валерый Івашчанка, былы першы намеснік міністра юстыцыі Яўген Карнійчук. Літаральна за чатыры дні да Новага года быў затрыманы і трапіў у следчы ізалятары экс-міністр унутраных спраў, лідэр "Народнай самаабароны" Юрый Луцэнка. У міжнародны вышук абвясцілі старшыню Дзяржаўнага казначэйства Таццяну Слюз, а яе намесніца Таццяна Грыцун ўжо арыштаваная. Крымінальную справу пачалі таксама і на экс-прэм'ера Юлію Цімашэнку. Яе вінавацяць, што нібыта выкарыстала на выплату пенсій грошы, атрыманыя Украінай у рамках Кіёцкага пратаколу.

"Яны ведаюць, што губляюць падтрымку людзей. І таму адзіны рэцэпт, які у іх ёсць, — прыбраць усіх, хто можа з імі рэальна канкураваць сістэмна і моцна. Таму інфармацыйная блакада, таму палітычныя рэпрэсіі… Паглядзіце: толькі да Новага года арыштавалі двух лідараў парламенцкіх партый, апазіцыйных партый. Няўжо гэта супадзенне? Луцэнка і Карнійчук. У мяне — падпіска пра нявыезд. Гэта выпадковасць? Не. Гэта страх, разгубленасць улады! Яны ведаюць: або яны будуць распраўляцца з сапраўднымі канкурэнтамі, якія па-іншаму бачаць развіццё краіны, або ім прыйдзецца адказваць за ўсё, што яны сёння робяць з краінай і з жыццём людзей", — перакананая Цімашэнка.

Еўропа, якая паўгода назірала за дзеяннямі новай украінскай улады, нарэшце не вытрымала. Камісар Еўрасаюза па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле нечакана для большасці экспертаў вырашыў зрабіць свой першы ў новым годзе візіт да Кіева. Ён вырашыў перасцерагчы ўкраінскую ўладу ад выкарыстання крымінальнага заканадаўства ў палітычных мэтах. 

"Я яшчэ раз хачу сказаць пра неабходнасць забеспячэння таго, каб крымінальнае заканадаўства не выкарыстоўвалася ў палітычных мэтах і каб прынцыпы сумленнага справядлівага і незалежнага прававога працэсу поўнасцю датрымліваліся", — заявіў Штэфан Фюле 11 студзеня на сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам замежных справаў Украіны Канстанцінам Грышчанкам.

Еўракамісар таксама заявіў, што падзяляе думку ЗША і Нямеччыны пра тое, што ва Ўкраіне выкарыстоўваецца "выбарачная юстыцыя", каб запалохаць апазіцыю. Паводле яго словаў, моцная і канструктыўная апазіцыя адпавядае інтарэсам Украіны. Фюле перакананы, што ўкраінскі ўрад павінен стварыць умовы для прадуктыўнага супрацоўніцтва з апазіцыяй. Невядома толькі, ці паслухаецца ўлада гэтых парадаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі