Украінскі палітолаг: Падпісанне пагаднення ў Мінску — гэта перамір’е
У Мінску падпісанае пагадненне аб адводзе ўзбраенняў калібрам да 100 мм ад лініі сутыкнення бакоў на Данбасе.
Дакумент быў падпісаны экс-прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам, прадстаўніком Расіі Азаматам Кульмухаметавым. Прадстаўнікі так званых ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнега паабяцалі, што дакумент будзе падпісаны кіраўніцтвам самаабвешчаных рэспублік да чацвярга, ужо пасля вяртання дадому.
Паводле пагаднення артылерыя да 100 мм і мінамёты да 120 мм мусяць быць адведзеныя ад лініі судакранання бакоў на 15 км у два этапы.
Першы этап адводу ўзбраенняў пачнецца праз два дні пасля поўнага спынення агню і ахопіць частку лініі сутыкнення ў Луганскай вобласці. Ён будзе цягнуцца 15 дзён і размяжоўвацца па тыпах узбраенняў: спачатку танкі, потым артылерыя, пасля мінамёты.
Другі этап мусіць цягнуцца 24 дні, працэс адводу узбраенняў будзе адбывацца тым жа парадкам (танкі-артылерыя-мінамёты) і закране астатнія зоны супрацьстаяння.
Разам з тым, пакуль не вядома, з якой даты пачнуць адлічваць дні, бо на Данбасе і цяпер перыядычна здараюцца перастрэлкі.
Кантраляваць адвод войск будзе спецыяльная місія АБСЕ.
Перамір’е ці мір?
Украінскі палітолаг Канстанцін Бандарэнка кажа, што гэтае пагадненне можна фактычна назваць перамір’ем, якога так доўга чакалі ўсе бакі.
“У дадзенай сітуацыі гэта можа азначаць, што будзе створаная нейкая дэмілітарызаваная зона, дзякуючы якой спыняцца абстрэлы мірнага насельніцтва і абстрэлы пазіцый бакоў. То бок, гэта — перамір’е”, — кажа палітолаг.
Але некаторыя аналітыкі не маюць такога ж аптымістычнага меркавання. Украінскі палітолаг Уладзімір Фесенка кажа, што хоць умовы пагаднення — гэта той мінімум, на які цяпер гатовыя ўсе бакі канфлікту, яно, імаверна, будзе выконвацца з парушэннямі:
“Ужо было пагадненне аб адводзе буйнакалібернай зброі, але ажыццяўлялася яно з вялікім парушэннем графіка. І не было выкананае ў поўным аб’ёме. Не ўсе адведзеныя ўзбраенні засталіся на месцах. Па другое, як паказала практыка, цяжкое ўзбраенне перыядычна выкарыстоўвалася ў абстрэлах”, — кажа палітолаг.
Паводле меркавання большасці аналітыкаў, стварэння дэмілітарызаванай зоны варта чакаць да канца гэтага года, але пра дасягненне ўстойлівага міра на Данбасе казаць яшчэ рана.
Што замінае міру?
Самаабвешчаныя ДНР і ЛНР прызначылі мясцовыя выбары на 18 кастрычніка і 1 лістапада адпаведна. Вярхоўная рада прызначыла мясцовыя выбары ва Украіне на 25 кастрычніка 2015. Прэзідэнт Пётр Парашэнка заявіў, што выбары на ўсходзе Украіны мусяць праходзіць па ўкраінскім заканадаўстве, а правядзенне ўласных выбараў “будзе брутальным парушэннем мінскіх пагадненняў”.
Выбары ў самаабвешчаных рэспубліках стануць адным з галоўных пытанняў падчас сустрэчы “Нармандскай чацвёркі” ў Парыжы 2 кастрычніка. Падчас яе будзе прадстаўлены план Марэля, які складаўся з удзелам Расіі і ЗША. Канстанцін Бандарэнка кажа, што існуе высокая імавернасць зацвярджэння плана бакамі.
“У дадзенай сітуацыі магчымыя ўзаемныя саступкі. Украіна пойдзе на саступкі, і ДНР з ЛНР пойдуць на іх таксама. Тое, што план распрацоўваўся прадстаўнікамі Расіі і ЗША, гэта дае пэўную надзею на тое, што бакі пагодзяцца на падпісанне”, — кажа палітолаг.
Уладзімір Фесенка кажа, што не чакае прарыву ад сустрэчы ў нармадскім фармаце. Бо украінскі бок не пойдзе на кампраміс, хутчэй за ўсё, не пойдуць на саступкі і прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік.
Фота: badgun159.livejournal.com, investigator.org.ua, gmarkov.com