Украінскія мітынгоўцы: Януковіч задаў курс на Еўропу, і людзі "павяліся"

У аўторак 3 снежня ля Вярхоўнай Рады Украіны і Кабінета міністраў у Кіеве дэманстранты спяваюць песні. У асноўным — нацыянальны гімн. Студэнт Уладзімір гаворыць Еўрарадыё, што прыйшоў сюды “скідваць урад і прэзідэнта”.



Уладзімір: “Мы прыйшлі сюды, каб патрабаваць адстаўкі ўрада і адстаўкі прэзідэнта. Бо мы хочам лепшага жыцця для нашай Украіны”.



А вось на пытанне, ці стане жыццё лепшым пасля сыходу Януковіча, Уладзімір адказу не ведае. “Пабачым”, — кажа ён. І ізноў пачынае спяваць гімн разам з натоўпам у некалькі тысяч чалавек. Яны здымаюць шапкі і прыкладваюць рукі да сэрцаў.



Адпачыць ад шуму ля Вярхоўнай рады, якая акурат у гэтыя гадзіны павінна прыняць (альбо не прыняць) рашэнне па адстаўцы урада Мікалая Азарава дэманстранты адыходзяць да аточанага аховай і міліцэйскімі аўтобусамі Кабінета міністраў. Супрацоўнік кіеўскай камерцыйнай фірмы Аляксей расказвае, што таксама хоча лепшага жыцця.



Аляксей: “Чаго хочам? Лепшага жыцця… Каб было менш такіх сітуацый, якая здарылася ў ноч з пятніцы на суботу. Гэта на самой справе недапушчальна ў краіне, якая нібы хоча ў Еўропу”.



Аляксей гаворыць, што зараз для дэманстрантаў пытанне падпісання Дамовы аб асацыяцыі з ЕС адышло на другі план. Ён расказвае пра неабходнасць зменаў у краіне, якая застаялася. І дадае, што “змены трэба пачынаць з галавы”. Пры гэтым хуткага дабрабыту Аляксей не чакае.



Аляксей: “Мы не чакаем, што змены пачнуцца вось проста заўтра. З неба зваляцца. Але да гэтага трэба ісці. І калі казаць, што ўсё нібы добра, а самому баяцца на вуліцу выйсці — гэта трошкі не тое”.



Яшчэ адзін рэвалюцыянер Уладзімір больш катэгарычны ў выказваннях на адрас улады. Жадае неадкладнай адстаўкі ўсіх і новых выбараў. Уладзімір кажа, што прэзідэнт Януковіч падмануў украінцаў, паабяцаўшы ім заходні шлях.



Уладзімір: “Ён задаў курс на Еўропу, і на гэта, прабачце за выраз, людзі павяліся. Як мы некалькі дзён пабачылі, курс вельмі хутка памяняўся”.



Стаяць ля Вярхоўнай рады ўдзельнікі пратэстаў гатовыя столькі, “колькі трэба будзе”. Але на пытанне аб паспяховасці сваіх дзеянняў наўпрост не адказваюць. Кажуць, што не баяцца і што ўлады больш не пойдуць на разгон мірных дэманстрантаў. Але барыкады, якімі аточаны Майдан Незалежнасці, абмотваюць калючым дротам. На ўсякі выпадак.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі