Улады рыхтуюць пераход да прагрэсіўнага падаткаабкладання

Для забяспечаных беларусаў плануюць увесці павышаную стаўку падаходнага падатку

Для забяспечаных беларусаў плануюць увесці павышаную стаўку падаходнага падатку / pixabay.com

З прыняццем чарговых паправак у Падатковы кодэкс Беларусь пяройдзе ад плоскай шкалы да элементаў прагрэсіўнага падаткаабкладання. Пра гэта ў эфіры БТ заявіў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Максім Ермаловіч. Папраўкі прадугледжваюць увядзенне павышанай стаўкі падатку для забяспечаных беларусаў. "Гэта сапраўды змяненне істотнае", падкрэсліў Ермаловіч.

Нагадаем, на працягу многіх гадоў даходы грамадзян у Беларусі абкладаліся падаткам па адзінай стаўцы ў 13%. Між тым, праект змяненняў у Падатковы кодэкс, які быў апублікаваны ў пачатку кастрычніка, прадугледжвае ўвядзенне стаўкі падаходнага падатку ў 25% для беларусаў, якія зарабляюць больш за 200 тысяч рублёў у год. Але гэтая стаўка будзе прымяняцца толькі да сумы, якая перавышае 200 тысяч рублёў.

"Гэта значыць, падатковая нагрузка для людзей з такім узроўнем даходу яна не становіцца 25%. Гэта ўсё роўна тыя ж 14-15%, калі суаднесці суму падатку з агульным прыбыткам фізічнай асобы. Але ўсё роўна гэта элемент прагрэсіўнага падаткаабкладання", сказаў Ермаловіч.

Па яго словах, падвышаная стаўка закране каля 2000 чалавек. Але ён папярэдзіў, што гэта толькі першы крок у гэтым кірунку. "Мы пачынаем ўкараняць элементы прагрэсіўнага падаткаабкладання ў сістэму, і, вядома, сістэма будзе мяняцца", сказаў ён. Для бюджэту сабраныя з забяспечаных людзей падаткі па падвышанай стаўцы складуць парадку дадатковых 10-20 млн рублёў даходу. Гэта менш за 1% для шматмільярднага бюджэту краіны, дадаў Ермаловіч. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі