Уладзімір Чапелін заняў 13-е месца ў біятлонным пас’юце на чэмпіянаце Еўропы
Беларускі біятланіст Уладзімір Чапелін заняў 13-е месца ў гонцы пераследу на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць у польскіх Душніках-Здруй. У спрынце спартсмен паказаў толькі 35-ы вынік, таму і стартаваў з нізкай пазіцыі. На агнявых рубяжах Чапелін дапусціў толькі адзін промах і гэта дазволіла яму значна палепшыць сваё становішча ў фінішным пратаколе.
Перамога ў гонцы дасталася расіяніну Аляксандру Логінаву, на другім месцы яго калега па камандзе Яўген Гаранічаў, а бронза ў Андрэя Растаргуева з Латвіі.
Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі, Дзмітрый Абашаў дапусціў 9 промахаў на чатырох агнявых рубяжах і заняў толькі 55-е месца.
Сёння таксама адбудзецца жаночы пас’ют, на якім Беларусь прадставяць Марыя Панфілава і Крысціна Ільчанка.