Уладзімір Канаплёў абвяргае інфармацыю пра сваё затрыманне
Старшыня Беларускай федэрацыі гандбола, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта кажа, што гэта глупства.
У каментары агенцтву БелаПАН ён паведаміў, што апошнія тры дні адпачываў разам з жонкай. "Я быў дома, а да гэтага адпачываў. Я быў у адпачынку і сёння выйшаў на працу", — заявіў Канаплёў.
Пра затрыманне віцэ-прэзідэнта НАК, экс-спікера Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Канаплёва, а таксама былога віцэ-прэзідэнта НАК Генадзя Аляксеенкі паведаміла сёння раніцай газета "Прессбол". Па звестках выдання, затрыманне правялі супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі.
Праз некалькі гадзін гэтае ж выданне паведаміла, што Канаплёў вызвалены з-пад варты праз трое сутак пасля затрымання, на працягу якіх праводзілася праверка.
Сам Канаплёў выказаў здагадку, што такія чуткі распаўсюджваюцца енапярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 года. Пры гэтым ён не змог пракаментаваць, каму можа быць выгадна распускаць такія чуткі.
Нагадаем, што крыху раней "Народная Воля" дазванілася да Аляксеенкі. Ён таксама абверг інфармацыю пра сваё затрыманне.
Фота — tut.by