Уладзімір Макей сёння наведае Польшчу
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 10 верасня ажыццявіць рабочы візіт у Польшчу. Ён абмяркуе з польскім калегам Вітольдам Вашчыкоўскім "актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва", інфармуе прэс-служба МЗС нашай краіны.
Адзначаецца, што візіт Макея адбудзецца на запрашэнне польскага боку. Ён прымеркаваны да 25-годдзя падпісання Дэкларацыі аб добрасуседстве, узаемным прызнанні і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Польшчай.
Прэс-служба МЗС Беларусі падкрэслівае, што сёлета адбылася "прыкметная актывізацыя беларуска-польскага дыялогу". Пра гэта сведчыць і серыя візітаў у Беларусь польскіх міністраў (Вашчыкоўскі наведваў Беларусь у сакавіку 2016-га), і аднаўленне міжпарламенцкага дыялогу.