Універсітэт і банкі ў рэформах і абвяржэннях: Адмяніць адмену адмены
Бывае, даводзіцца адказваць за свае словы. А бывае так, што сёння ты абвяргаеш усё, што сказаў учора, і так па коле, увесь час. І нічога, жывеш.
13 студзеня галоўны тэхнічны універсітэт краіны, БНТУ раптоўна ідзе насустрач студэнтам і, нібыта, адмяняе платныя пераздачы экзаменаў і залікаў.
"У іх і так грошай мала, заробкі не павышаюцца ў краіне", — казалі тады ў афіцыйным прафкаме ўніверсітэта. У не менш афіцыйным акаўнце студэнцкага прафсаюза ў адной з сацсетак з'явілася радаснае паведамленне на гэты конт. Апроч гэтага, адмену пераздач Еўрарадыё пацвярджаюць яшчэ два супрацоўнікі ўніверсітэта.
Студэнты, якія ў БДУ змагаліся за такую ж адмену платных пераздач, ужо паспелі часткова запісаць гэты крок сабе ў заслугі. Але раптам адмену адмяняюць.
“Ёсць Кодэкс адукацыі, ёсць стандартныя дамовы, якія падпісалі ўсе студэнты. І там ёсць такі сказ: “За акадэмічную запазычанасць”. І не за пераздачу, а за акадэмічную запазычанасць бяруцца грошы. Ну, вось, калі студэнт не прыйшоў на залік, выкладчык яму паставіў “не з’явіўся”, а назаўтра дэкан высвятляе, што студэнт хварэў, у яго былі сямейныя абставіны і гэтак далей, то гэта не лічыцца акадэмічнай запазычанасцю. І ён спакойна, без ніякіх грошай ідзе, і здае той залік”, — абвяргае прафкам і яшчэ двух супрацоўнікаў універсітэта ўвечары 13-га студзеня першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына.
14 студзеня "БСБ Банк" нечакана забараняе здымаць з валютных картак долары і пераводзіць рублі ў долары па інтэрнэт-банкінгу на суму, большую за паўсотні долараў. Яшчэ 14-га студзеня гэта было "рашэннем банка", якое не тлумачылі.
"Існуе абмежаванне, 50 долараў на суткі. Зняцце валюты з карты таксама прыпыненае. Канчатковай даты заканчэння дадзеных абмежаванняў няма", — так адказваюць у банку ў чацвер.
Ужо на наступны ранак, 15-га студзеня, сітуацыя кардынальна змянілася. Безапеляцыйнае рашэнне пераўтварылася ў "тэхнічныя сбоі".
"Як такія, абмежаванні не ўводзіліся. Гэта былі тэхнічныя складанасці. Цяпер абмежаванняў няма", — кажуць у банку.
"БТА Банк" забараняе здымаць з валютнай карткі больш за 500 долараў. З рублёвай карткі зняць долары таксама нельга. І гэта таксама рашэнне банка, якое яны тлумачаць дамовай.
Але ўжо праз некалькі гадзін, калі пра гэта негатыўна выказваецца Нацбанк, як галоўны рэгулятар, усё мяняецца. Рашэнне "БТА Банка" пераўтвараецца ў "тэхнічныя збоі", якія ўжо выпраўленыя. Містыка.
Банкі ўводзяць, а пасля здымаюць абмежаванні
БТА Банк забараняў здымаць больш за 500 долараў. А БСБ Банк наогул не даваў здымаць долары з валютнай карткі.
Папулярная "снежная СМСка" ад Мінгарвыканкама таксама поўная містыцызму. Прыбраць снег мінчан папрасілі нават без "калі ласка", затое "пераканаўча".
Спачатку Мінгарвыканкам ў каментарыі Еўрарадыё кажа, што пісалі яе мабільныя аператары па просьбе ўладаў горада. І з тэкстам яны не знаёмыя.
А ўжо ў каментарыі іншаму выданню раптам узялі аўтарства на сабе. Відаць, "тэхнічны збой". Калі нейкі чалавек увесь час мяняе свае словы, становіцца цяжка разабрацца, дзе праўда, а дзе фантазія.