Упала больш за 160 дрэў, пашкоджана каля 30 аўто — МНС пра наступствы непагадзі
Вецер пашкодзіў прыпынак у Брэсце / mchs.gov.by
Як мінімум два чалавекі сур'ёзна пацярпелі праз учорашнюю непагадзь. У шэрагу рэгіёнаў Беларусі ў аўторак назіраліся моцны вецер і абледзяненне ліній электраперадач.
У Брэсце моцны вецер сарваў навес прыпынку. Канструкцыя ўпала на дзвюх жанчын. З траўмамі рознай ступені цяжкасці іх забралі ў лякарню, паведамілі ў МНС.
Моцны вецер валіў дрэвы. Выратавальнікі зафіксавалі 163 такія выпадкі, большасць з іх (106) прыпала на Віцебскую вобласць. Паваленымі дрэвамі былі пашкоджаныя 28 аўтамабіляў, з іх 22 — зноў жа ў Віцебскай вобласці.
Дрэвы падалі і на чыгуначныя шляхі, і на паветраныя лініі электраперадач. Каля 10 пасажырскіх цягнікоў прыбылі на канечныя станцыі з затрымкай — спазненне склала ад 18 хвілін да 1 гадзіны 14 хвілін.
У Магілёве спыняўся грамадскі транспарт — праз наліпанне лёду на лініі на маршрут не выйшлі 76 тралейбусаў. Гарадскім уладам давядося дадаткова задзейнічаць аўтобусы.
Праз непагадзь, паводле дадзеных "Белэнерга", праблемы з электрычнасцю паўсталі ў 1627 населеных пунктах. Па стане на 8 гадзін раніцы без электразабеспячэння заставаліся 716 населеных пунктаў у Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.