Упраўленні адукацыі па ўсёй Беларусі сталі ўпраўленнямі па адукацыі. Навошта?

Упраўленні адукацыі па ўсёй Беларусі сталі ўпраўленнямі па адукацыі. Навошта?

У беларускай адукацыі чарговая рэвалюцыя. Праўда, на якасць падрыхтоўкі школьнікаў і студэнтаў яна не паўплывае ніяк. Па ўсёй краіне ўпраўленні адукацыі, якія існуюць у выканкамах, сталі “ўпраўленнямі па адукацыі”.

Гэта не жарт. Упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама цяпер называецца Галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама. Упраўленне адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска — Упраўленнем па адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама — Упраўленнем па адукацыі Пінскага гарвыканкама.

Міністэрства ні пры чым

Ну, цяпер упраўленні адукацыі запрацуюць з новай сілай і імпэтам! Але хто прыдумаў такую патрэбную і правільную адукацыйную рэформу? 

Звяртаемся ў прэс-службу Мінадукацыі. Міністэрства, як гэта часта бывае, аказваецца ні пры чым.

— Рашэнне па перайменаванні прымалі мясцовыя органы ўлады — аблвыканкамы і гарвыканкамы. Раней яны называліся ўпраўленнямі адукацыі, спорту і турызму. Цяпер адбыліся структурныя змены, і яны называюцца ўпраўленнямі па адукацыі. Яны з намі гэта ўзгаднялі, — кажа ў размове з Еўрарадыё прэс-сакратарка Людміла Высоцкая. З пытаннямі пра сэнс раптоўнай пературбацыі з назвай накіроўвае нас у выканкамы.

— З 1 чэрвеня мы сталі называцца ўпраўленнем па адукацыі. Быў аддзел адукацыі, спорту і турызму. Спорт і турызм ад нас адлучылі, — тлумачаць Еўрарадыё змены ў прыёмным пакоі пінскага ўпраўлення.

Ну, тут хаця б спорт і турызм адчапілі. А які сэнс у дабаўленні “па” да назваў абласных упраўленняў адукацыі, дзе ніякага спорту і турызму і не было?

— Які сэнс? Гэта рашэнне аблвыканкама. Было ўпраўленне адукацыі, а стала Галоўнае ўпраўленне па адукацыі. Што вам не зразумела? Чаму я ўвогуле мушу вам гэта каментаваць? — злуецца на нас сакратарка Галоўнага ўпраўлення (цяпер ужо) па адукацыі ў Брэсцкай вобласці.

“Займацца такой фігнёй у момант, калі разбураецца сістэма адукацыі, непрыстойна. Гэта вар'яцтва"

Упраўленням з новай назвай цяпер спатрэбяцца новыя бланкі, новыя пячаткі, новыя шыльды на дзвярах. Трэба абнавіць і сайты ўпраўленняў. Гэты працэс ужо пайшоў — прыназоўнік “па” займае сваё месца ў іх назвах, на захаваных у вэб-архіве старонках можна паглядзець, як было раней:

Упраўленні адукацыі па ўсёй Беларусі сталі ўпраўленнямі па адукацыі. Навошта?
Так было раней
Упраўленні адукацыі па ўсёй Беларусі сталі ўпраўленнямі па адукацыі. Навошта?
Так стала цяпер

Выканкамы Гродзенскай вобласці пакуль яшчэ назвы не памянялі (на сайтах усё выглядае па-ранейшаму), але распараджэнні па перайменаванні атрымалі. Адпаведны ліст дэманструе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кіраўнік адукацыйнага цэнтра "100 балаў" Яўген Лівянт. 

Упраўленні адукацыі па ўсёй Беларусі сталі ўпраўленнямі па адукацыі. Навошта?

На думку Лівянта, займацца такімі новаўвядзеннямі ў час, калі адукацыя перажывае крызіс, непрыстойна.

"Магчыма, трэба было некаму выканаць дзяржзамову па вытворчасці штэмпеляў, шыльдаў, і такім чынам вырашаная праблема — не ведаю, як яшчэ гэта патлумачыць, — смяецца Яўген. — Я быў бы шчаслівы, калі б у нас было ўсё настолькі добра, што праблема назваў установаў, іх аб'яднанне і раз'яднанне было апошняй праблемай. Займацца такой фігнёй (гэта я яшчэ мякка сказаў) у момант, калі разбураецца сістэма адукацыі, непрыстойна. Гэта вар'яцтва".

“Мы як займаліся адукацыяй, так і будзем ёю займацца"

"Дадзенае рашэнне прынятае на падставе заканадаўчых актаў, зацверджаных на ўзроўні Рэспублікі Беларусь. Таму структура прыводзіцца ў адпаведнасць з заканадаўчымі актамі, — распавядаюць Еўрарадыё ў Галоўным упраўленні па адукацыі Мінаблвыканкама. — Каментаваць дадзеную сітуацыю мы не ўпаўнаважаныя, таму што мы выканаўцы ў дадзенай сітуацыі. На эфектыўнасць, выніковасць дзейнасці і выкананне функцый змена назвы не паўплывае. Мы як займаліся адукацыяй, так і будзем ёю займацца". 

Што за заканадаўчыя акты, згодна з якімі выканкамы перажываюць перамены, — чыноўнікі казаць адмаўляюцца. Як і гаварыць наконт новых бланкаў, шыльдаў і пячатак. Маўляў, мы структура вертыкалі ўлады і нічога не вырашаем. Мінадукацыі не вырашае, выканкамы не вырашаюць. А хто вырашае?

Упраўленні адукацыі па ўсёй Беларусі сталі ўпраўленнямі па адукацыі. Навошта?
Скрын з сайта ўпраўлення па адукацыя адміністрацыі Маскоўскага раёна. Да 1 чэрвеня назва выглядала вось так
Упраўленні адукацыі па ўсёй Беларусі сталі ўпраўленнямі па адукацыі. Навошта?
А гэта новая версія

"Неяк мы лічылі і атрымалі, што "чыноўнікаў" у адукацыі больш за 100 тысяч. Гэта ж цяпер трэба памяняць 100 тысяч назваў пасад у тэлефонных даведніках на сайтах, там жа памяняць структуру на новую, зрабіць новыя візітоўкі і шыльды на кабінеты...

Дапусцім, што ў кожнага чыноўніка свой кабінет з шыльдай. Кошт шыльды — 2 долары. Атрымаем, што 200 тысяч долараў сыдзе толькі на шыльды. А маглі б купіць школам наборы робататэхнікі", — разважае ў каментарах пад пастом Лівянта мінскі настаўнік Сяргей Альшэўскі.

Калі ў Мінску пачынаецца кампанія па перайменаванні вуліцы, якая носіць імя якога-небудзь кіраўніка НКУС, на вуліцу ў гонар беларускага пісьменніка — Караткевіча ці Быкава — чыноўнікі адразу ж пачынаюць расказваць пра выдаткі, звязаныя з заменай адрасоў. Маўляў, гэта ж патрэбныя новыя шыльды, а грошай няма. Ну а тут... Адна справа — упраўленне адукацыі, і зусім іншая — упраўленне па адукацыі. Гучыць, праўда?

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі