Усе супрацоўнікі беларускай амбасады ў Лівіі застаюцца на месцах
23 лютага з Джамахірыі эвакуіравалі каля 20 беларускіх грамадзян. Амбасада працуе ў кругласутачным рэжыме.
За час, які прайшоў ад пачатку ўзброенага канфлікту ў Лівіі, у беларускае пасольства ў Трыпалі звярнулася менш за 20 чалавек. Еўрарадыё ўдалося звязацца з амбасадай, хаця сувязь у Лівіі цяпер вельмі дрэнная.
"Звярнулася нават менш за 10, але мы самі выходзім на сувязь, самі ініцыюем і абзвоньваем грамадзян, - паведаміў супрацоўнік амбасады. - А па тэлефоне і электроннай пошце з намі звязалася чалавек 15. Але мы самі абзвоньваем тых людзей пра якіх ведаем".
На борце самалёта МНС Расіі ўчора эвакуіравалі менш за 20 чалавек, паведамілі Еўрарадыё ў беларускай амбасадзе.
"Быў першы борт, мы максімальна інфармавалі людзей, якія нам тэлефанавалі, якіх мы знайшлі, запрашалі на борт МНС Расійскай Федэрацыі, учора яны прыбылі ў Мінск".
На дадзены момант у сталіцы Лівіі адносна спакойна, кажуць у амбасадзе Беларусі. Міністр замежных спраў краіны правёў паслоў замежных дзяржаў па сталіцы, каб яны маглі даць ацэнку сітуацыі. Каля беларускага пасольства цяпер таксама адносна ціха.
"Непасрэдна каля нас у Трыпалі адносна спакойна. Учора міністр замежных спраў Лівіі сустракаўся з усімі амбасадарамі. Ён іх запрасіў прайсці па месцах, дзе нібыта былі бамбёжкі, паглядзець і зрабіць свае даклады для аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі ў краіне".
Беларускае пасольства ў Трыпалі працуе круглыя суткі, туды звяртаюцца людзі, якія цяпер знаходзяцца ў Лівіі.
"Амбасада працуе кругласутачна, таму што мы падтрымліваем пастаянна сувязь з нашымі грамадзянамі. Члены сем'яў супрацоўнікаў з'ехалі, але ўсе супрацоўнікі застаюцца на месцах".
Усіх беларусаў, у якіх ёсць пытанні, ці якім патрэбна дапамога, заклікаюць звяртацца па тэлефонах непасрэдна ў амбасаду.
"Калі няма сувязі, тут перабоі пастаянныя з сувяззю, хай яны па электроннай пошце скідваюць свае пытанні і кантакты, каб мы маглі самі звязвацца з імі".
Тэлефоны амбасады Беларусі ў Лівіі: +218 21 3614297 (3616316, 3612555).
E-mail:[email protected]
Фота: REUTERS