Усё больш — польскія памежнікі развярнулі ў Беларусь больш за 170 мігрантаў
Нелегальныя мігранты на польска-беларускай мяжы / Reuters
Польскія памежнікі за панядзелак спынілі каля 200 спроб незаконнага перасячэння мяжы з тэрыторыі Беларусі.
"Была выяўлена 191 спроба", — паведамляе польская памежная служба ў Twitter.
17 чалавек затрымалі. Сярод іх ёсць грамадзяне Конга, Афганістана, Ірака і Камеруна. Аднаму з іх памежнікі аказалі даўрачэбную дапамогу.
Усе астатнія спробы незаконнага пранікнення на тэрыторыю Польшчы былі спыненыя. Мігрантаў развярнулі назад у Беларусь.
Тым часам літоўскія ўлады паведамілі, што маюць намер выслаць з краіны мігранта, які таксама прыйшоў з тэрыторыі Беларусі. Яго падазраюць у кантактах з тэрарыстычнымі арганізацыямі, паведамляе ТАСС са спасылкай на дырэктарку дэпартамента міграцыі пры МУС Літвы Эвеліну Гудзінскайтэ.
У апошнія месяцы Літва, Польшча і Латвія сутыкнуліся з сур'ёзнай праблемай нелегальнай міграцыі. Выхадцы з краін Азіі і Афрыкі спрабуюць пракрасціся ў гэтыя краіны з тэрыторыі Беларусі. Прычым колькасць спроб незаконнага пранікнення ў гэтым годзе ў разы і дзясяткі разоў перавышае аналагічныя паказчыкі ў мінулыя гады. У ЕС мяркуюць, што да стварэння міграцыйнага крызісу на мяжы датычныя беларускія ўлады.
Па ініцыятыве Вільні ў Еўрасаюзе пачалі працу над "пятым пакетам" санкцый супраць беларускіх уладаў. У чорны спіс могуць патрапіць беларускія дзяржаўныя кампаніі, якія маюць дачыненне да "экспарту мігрантаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.